Віталь Рымашэўскі. Падтрымаць палітвязняў ці “незалежных кандыдатаў”?

03 жніўня 2012 13:20  |  Галоўныя навіны

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя распачала збор подпісаў за вызваленне палітвязняў. 

 

Як вядома, выбараў у Беларусі даўно няма. Рэжым адабраў у беларусаў магчымасць самім абіраць уладу. Але пазбавіць чалавека ці народ права выбару няздольны ніхто. Якімі б складанымі не былі жыццёвыя ўмовы – выбар заўсёды застаецца за чалавекам: зрабіць так ці іначай. І кожны чалавек здольны гэты выбар зрабіць згодна са сваімі перакананнямі і уласным сумленнем. Такі выбар у беларусаў сёння ёсць: зноўку падпарадкавацца планам улады і прыняць ўдзел у выбарчым спектаклі, альбо далучыцца да кампаніі БАЙКОТУ. 

У гэтыя тыдні, згодна вызначанаму сцэнару, разыгрываецца Дзея першая “Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў.” 

 

Кампанія байкоту прапануе грамадзянам Беларусі альтэрнатыву – замест збору подпісаў у падтрымку “кандыдатаў” у палатку – далучыцца да кампаніі ў падтрымку палітвязняў. З гэтага тыдня распачаты збор подпісаў за вызваленне палітвязняў і рэабілітацыі ўсіх несправядліва асуджаных. (https://bchd.info/index.php?newsid=6838) Для ўсіх неабыякавых людзей на пікетах, пры абыходзе кватэраў, пры сустрэчах са знаёмымі – ёсць магчымасць распавесці пра вязняў, сабраць подпісы ў іх падтрымку, заклікаць не ісці галасаваць і далучыцца да кампаніі байкоту. 

 

Тым болей, што з 2011 году страху ў беларускім грамадстве стала меней. Пры размовах з людзьмі ўразіла гатоўнасць менчукоў выказаць салідарнасць з палітвязнямі. У лютым – сакавіку 2011 году Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя таксама праводзіла збор подпісаў за вызваленне палітвязняў, але, нават у Менску, са 100 чалавек толькі адзін ці двое пагаджаліся паставіць подпіс… Большасць – выказвала сваю падтрымку і салідарнасць, але ад подпісу адмаўляліся – баяліся рэпрэсій. Зараз на байкотных пікетах падаўляючая большасць ставіць подпісы пад зваротам у падтрымку вызвалення палітвязняў і рэабілітацыі ўсіх несправядліва асуджаных.

Ніводнага разу не пачуў нечага падобнага на: “нам патрэбна альтэрнатыва” альбо “раскажыце што вы прапануеце замест…”. Відавочна: беларусы, у сваёй большасці, вызначыліся “За” ці “супраць” існуючай улады. Усім усё зразумела.. Адны (іх відавочная меншасць) пакуль працягваюць ускладаць спадзеў на Лукашэнку, іншыя – гатовыя падтрымаць любога, хто выступае за змены. Гэтыя ўсё разумеюць. Ім не патрэбныя казкі пра шчаслівую праеўрапейскую, прарасейскую ці прамарсіянскую будучыню. Калі яны і хочуць пачуць нейкую “праграму” – то толькі ў выглядзе адказу на адно пытанне: што можна зрабіць, каб нешта змянілася ў краіне? Як магчыма памяняць гэтую сістэму? Пры гэтым, многія не вераць у перамены. Разуменне таго, што адбываецца, расчараванасць і нявер’е ў магчымасць нешта змяніць – асноўны настрой у грамадстве. Абяцаць гэтым людзям, што ідучы на “выбары”, галасуючы за “кандыдатаў” яны нешта мяняюць – значыць бессумленна падманваць іх , чарговы раз памнажаць расчараванасць і бязвер’е, якім карыстаецца рэжым.

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае ўсіх неабыякавых людзей далучыцца да Байкоту “выбараў”, і замест збору подпісаў за кандыдатаў, замест легалізацыі існага рэжыму, збіраць подпісы за вызваленне палітвязняў. Далучыцца да збору подпісаў і іншых акцый у падтрымку палітвязняў можна тут: http://vybaryby.net/page-jak_daluchycca )

 

Сайт кампаніі байкоту: www. bajkot.org, 

 

 тэлефон +375 29 1673435.

 

 Будучыня Беларусі залежыць ад кожнага з нас. ( http://vybaryby.net/page-jak_daluchycca ) 

Болей навін