На Берасцейшчыне невядомыя абрабавалі царкву і магілу святара

07 жніўня 2012 11:44  |  Грамадства

У вёсцы Чэрск Берасцейскага раёна невядомыя абрабавалі Свята-Міхайлаўскую царкву, пабудаваную ў XVII стагоддзі. Па словах настаяцеля храма, рабаўнікі з 16:00 4 жніўня да 07:00 5 жніўня, узламаўшы замок дзвераў дапаможнага памяшкання, выкралі з царквы 13 абразоў, Евангелле, драўляны крыж, 10 бутэлек віна “Кагор”, парчовае покрыва, пакравец для кубка і 37 тыс. рублёў.

 

У сувязі з крадзяжом Берасцейскі райаддзел Следчага камітэта 5 жніўня узбудзіў крымінальную справу па ч. 1 арт. 205 КК (крадзеж), якая прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў, перадае БелаПАН.

 

Між тым у Берасце на Трышынскіх могілках у ноч з 3 на 4 жніўня міліцыя затрымала двух ураджэнцаў Капыля 44-х і 47-і гадоў. Перад гэтым гастралёры паспелі разрыць 3 магілы перыяду 1890-1906 гадоў пахавання, у тым ліку генерал-маёра Міхаіла Вендорфа і протаіерэя Васіля Сарна-Салаўевіча, перадае “Еўрарадыё”.

 

Па словах следчага па асабліва важных справах упраўлення працэсуальнага кантролю ўпраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Віталя Равякі, зламыснікі разлічвалі знайсці ў магілах ўзнагароды, зброю і іншыя каштоўныя рэчы. У дачыненні да затрыманых Маскоўскі райаддзел Берасця Следчага камітэта 4 жніўня распачаў справу па ч. 1 арт. 347 (здзек над трупам або магілай) Крымінальнага кодэкса. Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Болей навін