Кастуся Шыталя дапыталі ў пракуратуры за публікацыю пра байкот

13 жніўня 2012 19:01  |  Палітыка

Актывіста аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Кастуся Шыталя выклікалі 13 жніўня ў пракуратуру Глыбоцкага раёна.

 

Супрацоўнікаў пракуратуры зацікавіла публікацыя фэйсбук-допіса глыбоцкага апазіцыянера Яраслава Берніковіча, які прапанаваў дапамогу прыхільнікам байкоту парламенцкіх выбараў і паабяцаў даць актывістам свой офіс, доступ у інтэрнэт і паперу.

 

Копію публікацыі пракуратура атрымала па факсе з абласной пракуратуры.

 

Кастусь Шыталь адмовіўся даваць тлумачэнні.

 

Пракурор Анатоль Сеўрукоў прыгразіў адміністрацыйнай адказнасцю ў выпадку, калі падобныя публікацыі будуць з’яўляцца на “Вестках”. Аднак афіцыйнага папярэджання не выпісваў.

 

Паводле беларускага заканадаўства, удзел у выбарах з’яўляецца добраахвотнай справай. Няма ў законах і забароны заклікаць да байкоту выбараў.

 

Нагадаем, што раней за агітацыю за байкот пераследу падвяргаліся віцебская актвістка БХД Алена Семенчукова, менскія актывісткі Галіна Каржанеўская і Іна Лойка і іншыя.

Болей навін