Павал Севярынец абскарджвае забарону на перапіску з Васьковічам і Статкевічам
Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, палітвязень Павал Севярынец напісаў дзве скаргі ў Дэпартамент выканання пакаранняў і Генеральную пракуратуру на тое, што палітвязням Яўгену Васьковічу і Міколу Статкевічу без тлумачэння прычынаў забаранілі з ім перапіску.
Сустаршыня БХД патрабуе аднавіць перапіску з Васьковічам і Статкевічам, а таксама пакараць цэнзараў, якія парушаюць закон.
“У лістах – словы падтрымкі і цытаты з Бібліі. Няўжо са сталінскіх часоў у турмах нічога не змянілася і хрысціянства па-ранейшаму пад забаронай?” – пытаецца ў сваіх зваротах палітык.
Нагадаем, што палітвязню, былому кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу і актывісту БХД, палітвязню Яўгену Васьковічу забаранілі перапіску з Паўлам Севярынцам.