Аляксей Шэін: Расія падтрымае «выбары» у абмен на прыватызацыю

16 жніўня 2012 09:38  |  Галоўныя навіны

Былы сусутаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, сябар Нацыянальный Рады БХД Аляксей Шэін лічыць, што міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў прыехаў у Беларусь скарыстацца пагаршэннем яе адносін з ЕС.

 

“Логіка падзей апошніх двух гадоў паказвае, што ўсё тое, што адбываецца пасля прэзідэнцкіх “выбараў”, вельмі выгадна расейскай уладзе. Вымагаючы дзяржаўныя актывы, якія цікавыя расейскаму кіраўніцтву, Расея будзе ўсяляк падтрымліваць Лукашэнку, каб той не страціў уладу. Падкрэслю, што ўсё, што адбываецца ў Беларусі, вельмі выгадна Расіі і ўсяляк ёю падтрымліваецца”, – сказаў палітык.

 

“Лаўроў прыехаў, таму што Расея вырашыла скарыстацца пагаршэннем адносінаў Беларусі з ЕС. Гэты момант Расея выкарыстоўвае, каб яшчэ больш прывязаць да сябе Беларусь – эканамічна і палітычна. Я думаю, што размова паміж Лаўровым і Лукашэнкам ішла пра абяцаную прыватызацыю, а таксама высвятлялася пазіцыя Расеі з нагоды “выбараў” у Беларусі. Так, у абмен на продаж беларускіх прадпрыемстваў Расея падтрымае “выбары”. Не варта таксама забываць, што Беларусь зараз падтрымлівае Расею ўсюды, дзе толькі можна. Напрыклад, па Сірыі. Гэта ўзгодненая стратэгія”, – лічыць Аляксей Шэін.

 

Нагадаем, 15 жніўня кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў наведаў Беларусь. Ён сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым і з Лукашэнкам. Падчас сустрэчы Лаўроў заявіў, што Расея будзе садзейнічаць выпрацоўцы «аб’ектыўнай і непрадузятай» ацэнкі правядзення «парламенцкіх выбараў» у Беларусі.

Болей навін