Зміцер Кухлей: Ткачоў нёс пагрозу захаванню ўлады дзеючым кіраўніцтвам

20.08.2012, 12:25  |  Палітыка, Грамадства, Эканоміка

Адстаўку памочніка прэзідэнта па эканоміцы Сяргея Ткачова некаторыя эксперты звязалі з фактарам Крамля. Маўляў, адукаваныя расейскія калегі не знаходзілі агульную мову з здранцвелым прадстаўніком Чырвонага дома. А таму Аляксандра Лукашэнку ветліва папрасілі прыбраць з вачэй далоў свайго памочніка.

 

Але ці так гэта?

 

«На мой погляд, калі і быў уплыў Расіі на адстаўку Сяргея Ткачова, ён не з'яўлялася вызначальным», - сказаў карэспандэнту сайта «Товарищ.online» сябар Нацыянальнай Рады БХД Зміцер Кухлей.

 

Вядома, кажа эксперт, рэформы прадугледжваюць прыватызацыю дзяржактываў і тут ужо бачная цікавасць Расеі: «Сяргей Ткачоў, з'яўляючыся прыхільнікам максімальна1 прысутнасці дзяржавы ў эканоміцы, перашкаджаў продажы буйных прадпрыемстваў, якія цікавыя расейскаму бізнэсу».

 

Да таго ж зусім розныя эканамічныя сістэмы Расіі і Беларусі не спрыяюць далейшай інтэграцыі ў рамках Еўразійскай саюза, стварэнне якога Пуцін вызначыў у якасці асноўнай задачы свайго трэцяга прэзідэнцкага тэрміну. Аднак, хутчэй за ўсё, адстаўка памочніка прэзідэнта была наканаваная іншымі, унутранымі абставінамі.

 

«Эканамічная мадэль, ідэолагам якой быў Сяргей Ткачоў, вычарпала сябе і ўжо нясе пагрозу палітычнай стабільнасці, гэта значыць захаванню ўлады дзеючым кіраўніцтвам. Крызіс дадзенай мадэлі толькі ўзмацніў ўплыў «рэфарматараў» у беларускім урадзе і на прэзідэнта, што і пацвердзіла адстаўка Ткачова», - падкрэсліў Зміцер Кухлей.

 

Нагадаем, у пятніцу, 17 жніўня, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, згодна з якім Сяргей Ткачоў вызвалены ад пасады памочніка прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі з пераходам на іншую працу. Іншым распараджэннем памочнікам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны экс-кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч.

Крыніца: Товарищ.online

Навіны па тэме