Зміцер Кухлей: Лукашэнка вырашыў чарговы раз страсянуць свае кадры
Беларускі палітолаг, сябар Нацыянальнай Рады БХД Дзмітры Кухлей пракаментаваў карэспандэнту Тэлеграфа адстаўку міністра замежных спраў Сяргея Мартынава. “Гэта ўжо не першая перастаноўка ў вышэйшых эшалонах беларускай улады за апошні час. Здаецца, што Аляксандр Лукашэнка вырашыў чарговы раз страсянуць свае кадры, асабліва тых асоб, якія ўжо доўгі час знаходзяцца на сваіх пасадах”, – заявіў ён.
“Увогуле для беларускага кіраўніка характэрна “тасаванне” сваіх чыноўнікаў на пасадах. Гэта, па-першае, гарантуе яму адсутнасць з’яўлення пастаянных сувязяў, інтарэсаў і груповак сярод вядучых эліт, якія могуць несці пагрозу яго аднаасобнага кіравання. Па-другое, палітычная стабільнасць рэжыму цяпер знаходзіцца пад пагрозай з-за адсутнасці адказаў сённяшняга кіраўніцтва на шэраг крызісных з’яў у сацыяльна-эканамічнай, фінансавай, знешнепалітычнай і іншых сферах”, – адзначыў эксперт.
Разам з тым Дзмітры Кухлей лічыць, што прызначэнне Уладзіміра Макея кіраўніком МЗС павінна надаць новы імпульс у адносінах з Еўрасаюзам.
“Нягледзячы на высокі ўзровень прафесійнасці былога міністра замежных спраў Мартынава, ён ужо страціў свой рэсурс і дыскрэдытаваў сябе за апошнія гады. Напруга адносін па лініі Беларусь – Еўрасаюз набывае хранічны характар, а гэта не ў інтарэсах дзейнага кіраўніцтва. Пры гэтым адсутнасць магчымасці геапалітычнага манеўру гуляе на руку афіцыйнай Масквы, залежнасць ад якой пачынае набываць пагрозлівыя памеры, у тым ліку і для прэзідэнцкай улады. Хутчэй за ўсё, варта чакаць інтэнсіфікацыі перамоў паміж афіцыйным Мінскам і Брусэлем, каб палепшыць Беларуска-еўрапейскія адносіны”, – заявіў палітолаг.
Дзмітры Кухлей таксама адзначыў, што Уладзіміра Макея як кіраўніка беларускага МЗС, хутчэй за ўсё, будуць вымушаныя выкрасліць са спісу неўязных у Еўрасаюз. “ЕС таксама зацікаўлены ў нармалізацыі адносін і наладжванні дыялогу з Беларуссю”, – лічыць ён.
Як паведамляў Тэлеграф, Аляксандр Лукашэнка 20 жніўня вызваліў ад пасады міністра замежных спраў Сяргея Мартынава. Замест яго новым кіраўніком МЗС стаў Уладзімір Макей, які раней узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта. Пры гэтым 2 лютага 2011 года ЕС унёс Уладзіміра Макевя ў чорны спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на яго тэрыторыю.