Сябар БХД узяў удзел у рэстаўрацыі Сынкавіцкай царквы і раздаў незалежныя СМІ вяскоўцам (відэа)

21 жніўня 2012 11:12  |  Грамадства

Актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віктар Кулак у якасці валанцёра ўзяў у удзел у рэстаўрацыі гатычнай царквы 15-16 стагоддзя ў вёсцы Сынкавічы, якую праводзіў вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін. Сваімі ўражаннямі ён падзяліўся з прэсавай службай БХД.

 

Паводле яго словаў, такіх месцаў як Сынкавічы ў Беларусі вельмі мала. “Гэта, можа, адзіны шанец у жыцці. І калі ты лічыш сябе патрыётам – чалавек мусіць удзельнічаць у гэтай працы. Калі робіш тут, дык адчуваеш, што займаешся карыснай справай”, – адзначыў ён.

 

Віктар Кулак паведаміў, што падчас рэстаўрацыі на сценах царквы былі выяўленыя раней невядомыя фрэскі і надпісы на грэцкай мове.

 

У вольны ад рэстаўрацыі час актывіст таксама прайшоўся па вёсцы. Паводле ягоных назіранняў, у вяскоўцаў ідуць толькі два тэлевізійныя каналы, з друкаваных жа СМІ ёсць толькі забаўляльныя. “Нават “Саўбеліі” няма. Тут непатрэбна нават фальсіфікацыі праводзіць – і так усе прагаласуюць, “як след”, – адзначыў ён.

 

У сувязі з гэтым Віктар Кулак вырашыў азнаёміць жыхароў Сынкавіч з альтэрнатыўнымі СМІ і раздаў ім асобнікі “Нашай Нівы” і “Нашага слова”. “Магчыма, гэта дапаможа вяскоўцам інакш пабачыць тое, што адбываецца ў краіне”, – падкрэсліў ён.

 

Болей навін