Віталь Рымашэўскі: З прыходам Кабякова нічога не зменіцца

28 жніўня 2012 09:28  |  Палітыка

А вось Макей будзе спрабаваць «нармалізаваць» адносіны з Еўропай, лічыць палітык.

 

Сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД) Віталь Рымашэўскі пракаментаваў сайту charter97.org прызначэнне Андрэя Кабякова новым кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі.

 

«У дадзеным выпадку я не думаю, што асоба Кабякова знакавая для Беларусі. Гэта чарговая перастаноўка. Кабякоў – выканаўца волі Лукашэнка, я б не звязваў з ім нейкія надзеі на перамены», – сказаў палітык.

 

«Кабякоў – постаць не знакавая, якая магла б прынесці ў палітыку нешта новае. Яго прызначэнне не кажа пра нейкія перамены, наадварот, гэта сведчыць аб захаванні «стабільнасці». Захаваецца палітыка латэнтнай кансервацыі, працягнецца пераход дзяржаўнай маёмасці ў прыватныя рукі. Не спыніцца і прыгнечанне дэмакратычнага грамадства. Унутраная палітыка не зменіцца”, – лічыць Віталь Рымашэўскі.

 

«Больш важная перастаноўка Уладзіміра Макея. Яго прызначэнне кіраўніком МЗС азначае, што ў заходнім напрамку будзе праводзіцца больш актыўная палітыка. Былы міністр не справіўся з тым, чаго ад яго чакалі – з нармалізацыяй адносін з Захадам», – падкрэсліў былы кандыдат у прэзідэнты.

 

Нагадаем, 27 жніўня беларускі дыктатар прызначыў Андрэя Кабякова кіраўніком сваёй адміністрацыі. Кабякоў з 8 лістапада 2011 г з’яўляўся Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Расійскай Федэрацыі. Да гэтага працаваў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі і віцэ-прэм’ер-міністрам РБ.

 

Папярэдняга кіраўніка сваёй адміністрацыі Уладзіміра Макея Лукашэнка 20 жніўня прызначыў міністрам замежных спраў.

Болей навін