Дзяніса Садоўскага незаконна ўтрымліваюць ва Фрунзэнскім РАУС
Адказнага сакратара Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніса Садоўскага дагэтуль утрымліваюць ва Фрунзэнскім РАУС, хаця паводле рашэння суду ён мусіць знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна. Пра гэта паведамілі ў прыёмнай РАУС.
Разам з тым ці знаходзіцца актывіст насамрэч у РАУС невядома, бо яго там ніхто не бачыў. А на Акрэсціна кажуць, што ў ЦІП яго няма.
Гэтак жа ніхто пакуль не бачыў пастанову суду, які, са словаў міліцыянтаў, ужо адбыўся. Таксама міліцыянты не могуць уцямна патлумачыць, за што і па якім артыкуле нібыта судзілі Дзяніса Садоўскага.
У Фрунзэнскім РАУС зараз знаходзяцца сустаршыня Віталь Рымашэўскі і жонка Дзяніса Садоўскага Таццяна.
Нагадаем, што начальнікам Фрунзэнскага РАУС з’яўляецца сын лідара праўладнай партыі Сяргея Гайдукевіча Алег Гайдукевіч.