Сябры Нацрады БХД падтрымалі Дзяніса Садоўскага на Акрэсціна (Фота)
Каля 20 сябраў Нацыянальнай Рады БХД пасля свайго паседжання ў суботу 1 верасня паехалі разам да турмы на Акрэсціна, каб перадаць перадачу і падтрымаць зняволенага там адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага.
Сябрам Нацрады ўдалося прывітаць самога Дзяніса, які змог памахаць рукой з камеры. У адказ прагучала 3-разовае “Жыве Беларусь!”.
Міліцыянты-ахоўнікі пільна назіралі за сябрамі БХД, але нікога не затрымалі.
Нагадаем, што адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі быў асуджаны 28 жніўня на 10 сутак адміністратыўнага арышту быццам бы па абвінавачванні ў дробным хуліганстве (арт.17.1 КаАП РБ). У гэты дзень ён павінен быў везьці наклад партыйнага бюлетэня “Крыніца” з інфармацыяй пра байкот выбараў, які быў падрыхтаваны адмыслова для Нацыянальнай Рады БХД. Што насамрэч з’явілася падставай для яго арышту, дагэтуль невядома.