У Бабруйску зноў гарэў касцёл, за захаванне якога змагалася БХД (фота)

03 верасня 2012 19:46  |  Грамадства

Гісторыка-культурная каштоўнасць гарэла ўжо двойчы на ​​працягу аднаго года, а ў перыяд паміж гэтымі пажарамі сцены будынка былі апаганеныя абразлівымі для каталікоў надпісамі.

 

У гэты раз пажар вельмі моцна пашкодзіў верхнюю частку будынка былога езуіцкага касцёла. Калі ўлічыць, што за апошні год будынак гарэў ужо два разы, можна меркаваць, што хутка ад яго мала што застанецца. Калі, вядома, міліцыя так і не знойдзе вінаватых.

 

Нагадаем, што будынак касцёла гарэў у канцы мінулага года – у ноч з 3 на 4 снежня. Прычынай пажару назвалі тленне смецця ўнутры будынка.

 

У маі бягучага года на сценах будынка з’явіліся абразлівыя для каталікоў надпісы, напрыклад: “Смерць каталікам, слава Расіі”, “Смерць езуітам”. Казаць пра тое, што гэта зрабілі тыповыя “гопнікі” нельга, бо вандалы ўзгадалі нядобрым словам і святога пакутніка Андрэя Баболі, які быў па-зверску закатаваны казакамі ў спробах “абароту ў праваслаўе”. Такая дасведчанасць можа сведчыць аб тым, што гэта зрабілі людзі, якія ведалі, чым больш балюча ўкалоць каталікоў. Вінаватых ў леташнім пажары і аўтараў надпісаў супрацоўнікі міліцыі да гэтага часу не знайшлі, але заявілі, што “надпісаў і малюнкаў рэлігійнай скіраванасці выяўлена не было”.

 

Пасля зваротаў грамадскасці і сябраў БХД ў Генеральную пракуратуру і Мінкульт, намеснік міністра культуры Віктар Кураш паказаў супрацоўнікам бабруйскага гарвыканкама на “неабходнасць узмацнення кантролю за забеспячэннем належнага санітарна-тэхнічнага стану і захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў”. Тым не менш, апошні пажар тут адбыўся сярод белага дня (каля трох гадзін) 31 жніўня …

 

 

 

Болей навін