Зміцер Дашкевіч напярэдадні этапавання сустрэўся з адвакатам

03 верасня 2012 22:07  |  Палітыка

Сёння ўначы Зміцера Дашкевіча перавядуць у Віцебскае СІЗА. Гэта будзе ўжо трэці этап для лідара Маладога Фронту пасля арышту 18 снежня 2010 года.

 

Першапачаткова актывіст утрымліваўся ў следчым ізалятары ў Мінску, пасля гэтага адбываў тэрмін у Горках і Глыбокім, а тыдзень таму атрымаў яшчэ адзін год зняволення і накіравання на змену папраўчай установы.

 

Напярэдадні этапавання ў Глыбокім з Дашкевічам сустрэлася яго адвакат. Як гаворыць паплечніца палітвязня актывіста Настасся Палажанка, не выключана, што Зміцер і ў новай калоніі будзе абвешчаны парушальнікам рэжыму.

 

– Сустрэліся, яны паразмаўлялі. Нічога пакуль такога няма. Ён сёння паедзе ў Віцебск. Развіталіся з Глыбокім, абмеркавалі нейкія бытавыя пытанні. І сёння ўначы ён будзе перавезены, таму яго падтрымалі перад этапам. Ён зараз прыедзе ў зону і зноў будзе злосным парушальнікам. Я думаю, цягам аднаго тыдня, як ён пераедзе.

 

Першапачаткова Зміцер Дашкевіч разам з Эдуардам Лобавым былі абвінавачаныя нібыта ва ўчыненні хуліганскіх дзеянняў. За чатыры месяцы да вызвалення супраць лідара Маладога Фронту завялі новую крымінальную справу і асудзілі яшчэ на год.

Болей навін