БХД абураная бяздзейнасцю бабруйскіх уладаў
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя абураная бяздзейнасцю гарадскіх уладаў Бабруйска, якія дапусцілі другі за год пажар у былым езуіцкім касцёле. Пасля звароту БХД, выкліканага з’яўленнем на сценах касцёлу абразлівых надпісаў у дачыненні да каталікоў, улады абяцалі, што “прадпрынятыя вычарпальныя меры па забароне доступу чужых асоб унутр будынка і забеспячэння яго належнага санітарна-тэхнічнага стану”.
Наколькі гэтыя меры вычарпальныя можна лёгка ўбачыць па тых фотаздымках, якія зафіксавалі тое, што засталося пасля чарговага пажару ў будынку касцёла. Меркаваць, што другі за год пажар – выпадковасць пасля з’яўлення антыкаталіцкіх і фактычна антыправаслаўных надпісаў не выпадае. Хтосьці мэтанакіравана спрабуе пасварыць каталікоў і праваслаўных, і гарадскія ўлады і міліцыя сваім бяздзеяннем гэтаму толькі спрыяюць.
“Замест таго, каб абараняць гісторыка-культурныя каштоўнасці і нацыянальна-рэлігійны мір у краіне, беларускія ўлады рыхтуюцца да абароны выбарчых урнаў ад назіральнікаў. Для гэтага яны ладзяць разнастайныя інструктажы для міліцыянтаў і чыноўнікаў, у той час як храмы застаюцца безабароннымі і падвяргаюцца апаганьванню. На ўсе ж звароты грамадскасці прыходзяць звычайныя адпіскі, за якімі нішто і ніхто не стаіць.Міліцыі трэба ўжо нараэшце пачаць выконваць свой непасрэдны абавязак і перастаць займацца пераследам іншадумцаў,” – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.