Бабруйскія ўлады не хочуць адказваць за свае словы

04 верасня 2012 15:39  |  Грамадства

Намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Маркачоў адмовіўся каментаваць карэспандэнту Telegraf.by пажар, які здарыўся 31 жніўня ў будынку былога езуіцкага касцёла на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці. “Ніякіх каментарыяў я не дам. Прыязджайце, будзем размаўляць на месцы”, – заявіў ён, параіўшы звяртацца ў МНС.

 

Між тым 4 ліпеня ў яго адказе на просьбу адказнага сакратара аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Дзяніса Садоўскага расследаваць з’яўленне ў будынку былога касцёла антыкаталіцкіх надпісаў Аляксандр Маркачоў адзначыў, што “прадпрынятыя вычарпальныя меры па забароне доступу чужых асоб унутр будынка і забеспячэння яго належнага санітарна-тэхнічнага стану”.

Пробашч дзейнай у Бабруйску каталіцкай парафіі ксёндз Юры Быкаў заявіў, што “ідзе мэтанакіраванае знішчэнне помніка”. “Гэта самы стары будынак у Бабруйску (касцёл пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя – Тэлеграф). Старэйшага за яго ў горадзе няма. Знішчаецца самы стары помнік у горадзе. Вельмі дрэнна, што гэта адбываецца, што ўлады пра яго не дбаюць”, – сказаў ён.

Шкадаванне ў сувязі з тым, што адбылося, выказаў і праваслаўны епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім. Ён заявіў, што спачувае каталікам у сувязі з пажарам у былым храме, адзначыўшы пры гэтым, што праваслаўныя таксама сутыкаюцца з падобнымі актамі вандалізму. Акрамя таго, епіскап заявіў, што Праваслаўная царква ніколі не будзе падтрымліваць тых, хто робіць такія дзеянні, паведамілі карэспандэнту Telegraf.by у прэс-службе Бабруйскай епархіі БПЦ.

Аргкамітэт ж БХД выказаў абурэнне “бяздзейнасцю гарадскіх уладаў, якія дапусцілі другі за год пажар ў былым езуіцкім касцёле”. “Меркаваць, што другі за год пажар – выпадковасць пасля з’яўлення антыкаталіцкіх і фактычна антыправаслаўных надпісаў не выпадае. Хтосьці мэтанакіравана спрабуе пасварыць каталікоў і праваслаўных, і гарадскія ўлады і міліцыя сваім бяздзеяннем гэтаму толькі спрыяюць”, – гаворыцца ў афіцыйнай заяве аргкамітэта.

“Замест таго, каб абараняць гісторыка-культурныя каштоўнасці і нацыянальна-рэлігійны мір у краіне, беларускія ўлады рыхтуюцца да абароны выбарчых урнаў ад назіральнікаў. Для гэтага яны ладзяць разнастайныя інструктажы для міліцыянтаў і чыноўнікаў, у той час як храмы застаюцца безабароннымі і падвяргаюцца апаганьванню. На ўсе ж звароты грамадскасці прыходзяць звычайныя адпіскі, за якімі нішто і ніхто не стаіць. Міліцыі трэба ўжо нарэшце пачаць выконваць свой непасрэдны абавязак і перастаць займацца пераследам іншадумцаў”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Як перадаваў Тэлеграф, у Бабруйску другі раз за год гарэў будынак былога езуіцкага касцёла, які ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Пажар моцна пашкодзіў 200 квадратных метраў даху будынка. “Меркаваная прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём, вiнаватая асоба вызначаецца”, – заявілі ў МНС Беларусі.

У канцы траўня на сценах касцёла выявілі надпісы “Смерть католикам!”, “Бей панов, спасай Россию” і гэтак далей. Бабруйская міліцыя па гэтым факце ўзбудзіла адміністрацыйную справу па арт. 19.4 КаАП Беларусі, але закрыла яе, так як “усталяваць асобу, якая ўчыніла пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, не прадставілася магчымым”.

Болей навін