За Дашкевічам устанавілі кругласутачнае назіранне

07 верасня 2012 07:59  |  Палітыка

У віцебскім следчым ізалятары № 2 за лідарам міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Дзмітрыем Дашкевічам устанавілі кругласутачнае назіранне. Пра гэта паведаміла намеснік старшыні арганізацыі Анастасія Палажанка.

 

Паводле яе слоў, 5 верасня яна разам з адвакатам Дашкевіча наведала СІЗА № 2. «Мяне да Дашкевіча, вядома, не пусцілі, з ім сустракаўся яго адвакат», — адзначыла Палажанка.

 

«Я ведаю, што ён знаходзіцца там пад стопрацэнтным назіраненнем круглыя суткі. Ён сядзіць у адзіночнай камеры, і калі ён робіць штосьці не тое з пункту гледжання тых, хто яго ахоўвае, то яму па гучнай сувязі па радыё кажуць: «Дашкевіч, не рабі гэтага», — паведаміла Палажанка.

 

«Са слоў адваката, для яго гэты этап, дзякуй Богу, прайшоў не так кепска, як мінулы.

 

Мінулы этап у Віцебск быў жудасны: звязаны са многімі правакацыямі, з выкарыстаннем розных брудных прыёмаў, таму мы вельмі за Дашкевіча непакоіліся», — сказала Палажанка.

 

Яна паведаміла, што Дашкевіч выглядае бадзёра і паводзіць сябе весела.

 

«Адзінае, што кепска, — гэта невядомасць. Нам не даюць ніякай інфармацыі аб тым, колькі Дашкевіч будзе знаходзіцца ў віцебскім СІЗА, калі і куды потым ён будзе пераведзены», — заявіла Палажанка.

 

* * *

 

28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі № 13 райцэнтра прызнаў Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса) і прыгаварыў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключаны чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі па першай крымінальнай справе.

 

У калоніі Глыбокага лідар арганізацыі адбываў пакаранне па крымінальнай справе, распачатай у канцы 2010 года. Напярэдадні апошніх выбараў прэзідэнта, 18 снежня 2010 года, Дашкевіча і яго таварыша па «Маладым фронце» Эдуарда Лобава затрымалі ў Мінску па абвінавачанні ў збіванні двух мужчын. У сакавіку 2011 года Дашкевіч быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі арышт Дашкевіча і Лобава, прыгаворанага да чатырох гадоў пазбаўлення волі, як прэвентыўную меру па «зачыстцы» актывістаў апазіцыі напярэдадні выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча і Лобава палітычнымі зняволенымі.

Болей навін