Дзяніс Садоўскі распавёў, за што яго затрымалі (Фота, мультымедыя-кліп з сустрэчы ля Акрэсціна)
Адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі 7 верасня вызваліўся з Акрэсціна і распавёў, як і за што яго затрымалі. Дагэтуль абставіны затрымання і суду былі невядомыя. Ля Акрэсціна палітыка сустракалі сябра БХД.
Па словах Дзяніса Садоўскага, яго затрымалі 28 жніўня ля МакДональдсу ля станцыі метро Пушкінская, калі ён клеіў на афіцыйны выбарчы стэнд інфармацыю пра байкот “выбараў”. Хутчэй за ўсё за ім сачылі, лічыць палітык.
Затым яго чатыры гадзіны пратрымалі ў Фрунзэнскім РАУС, няведаючы, што з ім рабіць. Гэты факт сам па сабе ёсць парушэннем. Пасля, знайшоў у РАУС двух сведак – міліцыянта і затрыманага п’янага чалавека, палітыка завезлі ў суд, дзе сведкі заявілі, што хрысціянскі дэмакрат лаяўся матам і не падпарадкоўваўся міліцыі. Пры гэтым перад судом Дзяніса Садоўскага папярэдзілі, што яму дадауць 15 сутак, калі будзе патрабаваць адваката, і 10, калі не будзе. Паколькі адвакат у беларускіх судах ні на што не ўплывае, то палітык вырашыў абыйсціся без яго.
За час знаходжання Дзяніса Садоўскага на Акрэсціна, у яго машыне адбыўся ператрус. Кампутар адказнага сакратара БХД вымаўся з машыны, і, хутчэй за ўсё, інфармацыя з яго была скапіяваная.