Віталь Рымашэўскі распавёў ПА АБСЕ пра пераслед актывістаў байкоту

13 верасня 2012 10:49  |  Палітыка

Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі распавёў аб выніках сустрэчы з прэзідэнтам ПА АБСЕ Рыкарда Мільёры і каардынатарам місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ПА АБСЕ Матэа Мекачы, якая адбылася 12 верасня ў Менску.

 

“Асноўнае пытанне, якое я агучыў, – гэта гвалт у дачыненні да прыхільнікаў байкоту. Прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Еўрапейскай Беларусі, Маладога Фронту і іншых партый і арганізацый, якія агітавалі за байкот, неаднаразова падвяргаліся пераследу, нападам, гвалтоўным выкраданням у цэнтры беларускіх гарадоў, таемным судам і арыштам на суткі па надуманых прычынах. Тым самым іх пазбаўлялі рэальнай магчымасці рэалізоўваць сваё канстытуцыйнае права агітаваць супраць усіх кандыдатаў і за байкот “выбараў”.  Менавіта ў кантэксце гэтага неабходна разглядаць “свабоду” выбарчага працэсу ў Беларусі”, – адзначыў ён.

 

“Таксама я падкрэсліў, што галоўным фактарам ацэнкі свабоды “выбараў” мусіць стаць той факт, што асноўныя канкурэнты дзейснага рэжыму знаходзяцца ў турмах альбо абмежаваныя судовымі пастановамі. Увогуле, у мяне склалася станоўчае ўражанне ад сустрэчы. Я шчыра падзякаваў за ўвагу ПА АБСЕ да беларускіх палітвязняў, за іх запыт да ўладаў сустрэцца з Мікалаем Статкевічам, Змітром Дашкевічам і іншымі палітвязнямі. Складваецца ўражанне, што ацэнка ПА АБСЕ “выбараў” у Беларусі можа быць сапраўды аб’ктыўнай і неперадузятай”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін