Яўген Васьковіч: з фашыстоўскім рэжымам супрацоўнічаць ня буду

15 верасня 2012 12:54  |  Палітыка

14 верасьня ў Магілёўскай турме № 4 старшыня абласной назіральнай камісіі пры Ўпраўленьні юстыцыі аблвыканкаму Віктар Сідарэнка сустрэўся са зьняволеным актывістам незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўгенам Васьковічам.

 

Нагодай для спатканьня, якое арганізавала Ўпраўленьне юстыцыі, сталіся скаргі на парушэньне правоў зьняволенага актывіста ў пытаньнях ліставаньня са сваякамі й паплечнікамі.

У назіральную камісію пісьмова зьвярнуўся бабруйскі журналіст Анатоль Санаценка, які зьвінаваціў турэмшчыкаў, што яны наўмысна чыняць перашкоды ліставаньню Васьковіча з вольным сьветам. У звароце журналіст патрабаваў аднавіць парушаныя правы вязьня.

Сябра Магілёўскага праваабарончага цэнтру Віктар Сідарэнка з пропускам, які выпісала Ўпраўленьне юстыцыі, трапіў у турму. Пад ёю чакалі вестак ад палітвязьня яго бабуля Тамара Ўладзімераўна й каардынатарка БХД Таісія Кабанчук. Як толькі праваабаронца выйшаў адгэтуль, першым пытаньнем было: ці бачыўся ён зь Яўгенам?

«З Жэнем усё добра. Далі нам зь ім пагутарыць сам-насам. Грошы ён атрымлівае. Пошту — кажа, што атрымлівае. Прасіў, каб мама яму даслала мэдыкамэнты. У студзені будзе спатканьне ў яго. Выглядае ён нармальна. Харчаваньне — кажа, што нармальнае, толькі троху яму патрэбны мэзін, у яго праблемы са страўнікам. Я запытаўся: „Ці ў камэры крыўдзяць?“ Ён адказаў, што ўсё нармальна. Камэра разьлічаная на дванаццаць чалавек, а ў ёй 8–10 бывае. Ён вясёлы і такі выгалены», — апавёў Віктар Сідарэнка.

Паводле праваабаронцы, у карцэр Васьковіч трапіў з-за дробных парушэньняў што да формы вопраткі і ўтрыманьня свайго спальнага месца ў камэры. Іх, зазначае Сідарэнка, нявольнік прызнае. Турэмшчыкі паскардзіліся праваабаронцу, што Васьковіч ня хоча працаваць, заяўляючы, што «на фашыстоўскі рэжым працаваць ня будзе».

​​Слухала Тамара Ўладзімераўна аповед ВіктараСідарэнкі пра ўнукава жыцьцё ў няволі са сьлязьмі на вачах, потым дадала:

«Мне падаецца, што ён ня ўсё яшчэ сказаў. Ён неяк быў напісаў, што — бабуля, скажы сябрам, каб яны пра турму нічога не пісалі. Я неяк яму прапанавала: „Жэнечка, ды напішы ты тое прашэньне“. Ён жа адказаў, што болей пра гэта, бабуля, не кажы — пытаньне закрытае. Я памру, але прашэньня не падпішу».

Што хацеў сказаць Яўген фразай: «Скажы сябрам, каб нічога не пісалі пра турму», ягоная бабуля ня ведае, але непакоіцца, што за ёю нічога добрага не стаіць.

Апошні ліст ад Яўгена Васьковіча сваякі атрымалі 3 жніўня. Пасьля гэтага, як стала вядома, Яўген праседзеў у карцэры трыццаць дзён. Паплечнікі надзвычай рэдка атрымліваюць ад яго лісты й паштоўкі, хоць самі пішуць яму рэгулярна. На сустрэчу з Васьковічам месяц таму ня змог трапіць адвакат. Як зазначае Таісія Кабанчук, турэмшчыкі тлумачаць, што Яўген сам ня хоча з адвакатам сустракацца.

Яўгена Васьковіча ў траўні 2011 году бабруйскі суд прызнаў, разамз Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым, вінаватым у злосным хуліганстве і ў наўмысным нанясеньні шкоды ў асабліва буйных памерах. У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году хлопцы кінулі ў будынак бабруйскага КДБ дзьве бутэлькі з «кактэйлем Молатава». З папраўчай калёніі ў турму яго перавялі на тры гады як злоснага парушальніка рэжыму, зрабіўшы рэжым утрыманьня больш жорсткім.

Болей навін