Станіслаў Шушкевіч: выбары ў Беларусі – гэта жарт (відэа)

17 верасня 2012 20:41  |  Палітыка

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч звярнуўся да грамадзянаў Беларусі з нагоды маючых адбыцца “выбараў”.

 

“Перш за ўсё гэта жарт, што ў Беларусі будуць выбары. Ніякіх выбараў у Беларусі не будзе, таму што тая хэўра злачынная – Ярмошына і Лазавік, фактычна не мае ніякага дачынення да падліку галасоў. Гэта даверана іншым службам. Яны проста ілгуць. Яны дасягнулі тых “вяршыняў”, калі іх не пушчаюць у годнае асяроддзе, не пушчаюць у цывілізаваныя краіны. І вось гэтыя людзі, гэтыя адкіды грамадскасці робяць такі спектакль, званы “выбарамі”. Яны абражалі выбаршчыкаў, абражалі жанчын, мужчын. Іх месца – падаць у адстаўку і папрасіць, каб гэтым займаліся годныя людзі. Але нягоднасць бярэ верх, і яны будуць праводзіць аперацыі спецслужбаў па прызначэнні так званых дэпутатаў у так званы парламент.

 

Мы хацелі разабрацца ў партыі, хто ў нас хоча ўдзельнічаць у выбарах. І мы сказалі, ведаеце, калі хто-небудзь хоча ўдзельнічаць у гэтых выбарах, мы збярэм з’езд, Цэнтральную раду і вылучым кандыдатаў. Але ўсе кажуць: “З кім вы збіраецеся гуляць у гэтыя гульні? З нягоднасцю?” І таму ў нас няма прычын ні склікаць з’езд, ні збіраць дэпутатаў. І наогул, як кажуць, ад гэтай брыдоты трэба адвярнуцца. Што мы і робім.

 

Байкот выбараў – гэта добрая справа. На вялікі жаль, у нас ёсць людзі, якія не зразумелі, якім не хапіла папярэдніх так званых выбараў, каб зразумець, што ніякіх выбраў не адбываецца. Калі я атрымліваю нейкія лісты ад Ляўковіча або яшчэ ад некага, што яны будуць вылучацца кандыдатамі, што яны збіраюць подпісы і працуюць з насельніцтвам, я б ім параіў успомніць свае папярэднія захады і да чаго гэта прывяло. Гэта прыводзіць толькі да спрэчак з годнымі людзьмі нягоднымі захадамі. Таму я паўтараю, байкот – гэта вельмі лагічна. Мы са скуры лезці не будзем, мы будзем годна сябе паводзіць і не ўдзельнічаць у гэтым цырку.

 

А за чым назіраць? Мы лічым, што гэта не тая структура, за якой можна назіраць. Гэта можна сказаць: давайце зробім назіральнікаў за кішэннымі злодзеямі, каб даведацца хто з іх лепей крадзе. Дык вось, тут назіраць не трэба. Яны ўжо і так многа накралі.

 

23 верасня я не маю ніякага намеру ісці на так званыя выбары, на так званае галасаванне. Я знайду сабе годны занятак, таму што мне хапае працы. Я раю людзям паступаць так, як ім падказвае іх сумленне. Калі мы паступаем несумленна, мы фактычна падтрымліваем дыктатуру, падтрымліваем чалавека, які незаконна ўтрымліваецца ва ўладзе, які называе сябе ўсенародна абраным, які кідае людзей у турму, які распаясаўся. Задумаейцеся, як канчаюць такія людзі”.

 

Болей навін