Забаронены на БТ тэлевыступ Вольгі Кавальковай (відэа)

18 верасня 2012 14:11  |  Палітыка

Прапануем вашай увазе забаронены за байкотную агітацыю тэлевыступ на БТ актывісткі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Вольгі Кавальковай, якая знялася з “выбараў” 15 верасня.

 

“Я хачу, каб наша краіна была беларускай, хрысціянскай, свабоднай і дэмакратычнай. Таму я выступаю за вызваленне з месцаў зняволення асуджаных па палітычных матывах палітвязняў”, – сказала яна, пералічыўшы імёны беларускіх палітвязняў.

 

Таксама Вольга Кавалькова выступіла за рэабілітацыю асуджаных дэмакратычных актывістаў. Яна адзначыла, што нельга ўдзельнічаць у “выбарах”, калі ў турмах знаходзяцца палітвязні. “Таму ў першую чаргу я выступаю за іх вызваленне”, – сказала актывістка БХД.

 

“Сёння ў Беларусі ў рамках жорсткай цэнзуры ў СМІ, мераў запалохвання, якія выкарыстоўвае ўлада, вельмі цяжка змагацца за тыя каштоўнасці, якія сапраўды важныя для кожнага з нас: нашу незалежнасць, гісторыю і мову”, – падкрэсліла яна.

 

Актывістка БХД заявіла, што сапраўдных выбараў у Беларусі няма ўжо 17 год, а галасы выбаршчыкаў ніхто не лічыць, падрэсліўшы, што ўжо сёння вядомыя імёны будучых дэпутатаў.

 

Вольга Кавалькова заклікала грамадзянаў да байкоту “выбараў” і заявіла аб неабходнасці назірання, каб зафіксаваць рэальную колькасць тых, хто ўзяў удзел у галасаванні. “Адзінае, што патрэбна сёння ўладзе, каб назначыць дэпутатаў, – гэта наша з вамі яўка”, – сказала яна, заклікаўшы беларускіх мужчынаў, паказаць прыклад сапраўдных мужчынаў, а ўсіх грамадзян краін – пачаць размаўляць па-беларуску.

 

Болей навін