Арганізатары байкоту: «Гэта рэфэрэндум недаверу да рэжыму»
Шэсьць палітычных суб’ектаў — АГП, БХД, прафсаюз РЭП, Беларускі рух, Малады Фронт і Рада інтэлігенцыі — выступілі з супольным заклікам да грамадзян краіны: «Ня ўдзельнічайце ў выбарчым фарсе!»
Пра гэта было заяўлена на прэсавай канфэрэнцыі лідэраў гэтых арганізацый. Прадстаўнікі Маладога Фронту на прэсавую канфэрэнцыю не змаглі прыйсьці з-за перасьледу міліцыі. Іх пасланьне было зачытанае.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька заявіў:
«Гэта была найгоршая палітычная кампанія ў гісторыі Беларусі. Ніколі палітычныя партыі выходзілі з выбарчай кампаніі, ніколі не было, што ў эфір не выходзілі выступы кандыдатаў. Жаданьне А. Лукашэнкі сканцэнтраваць у сваіх руках усю ўладу прывяло да поўнага крызісу выбарчай сыстэмы. Гэта тупік. Трэба альбо вярнуцца да выбараў, альбо адмовіцца ад іх імітацыі, сьведкамі якой мы былі».
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што вольных выбараў ня можа быць у сытуацыі, калі ў турмах сядзяць апанэнты Лукашэнкі:
«Гэтыя людзі маюць такое ж права ўдзельнічаць у выбарчым працэсе. Ізаляцыя апанэнтаў рэжыму зьяўляецца падставай для таго, каб не прызнаць гэтыя выбары ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі».
«Байкот – гэта негвалтоўны шлях супраціву. Хай улады не чакаюць Плошчы і мітынгаў. Кампанія байкоту выбараў – гэта першы крок да свабодных планет. Наступным крокам стане байкот ўсёй сістэмы», – сказаў ён.
Пры гэтым Віталь Рымашэўскі адзначыў, што “мы не ізаляваліся ад удзелу ў выбарах”. “Мы ўдзельнічалі па меры магчымасці ў выбарчай кампаніі, але толькі ў форме байкоту. У палітыцы важныя не толькі мэты але і метады. І мы лічым, што метад байкоту правільны”, – дадаў ён.
Вацлаў Арэшка зь Беларускага руху сказаў, што байкот адбываецца:
«Гэта ўсеагульны рэфэрэндум недаверу да рэжыму. Стаўленьне людзей да ўлады сур’ёзна мяняецца. Гэта пачатак шляху для паступовай зьмены ўмоваў наступных выбараў, прэзыдэнцкіх».
Паводле Анатоля Лябедзькі, незалежным назіраньнем будзе ахоплена 1000–1500 участкаў па краіне. Гэта дастаткова, каб зафіксаваць байкот выбарцамі гэтых выбараў, нягледзячы на тое, якія лічбы абвесьцяць улады.