Апазіцыя пачынае кампанію па інфармаванні грамадзян «аб рэальных выніках выбараў»
Парламенцкія выбары ў Беларусі не адбыліся. Апазіцыя пачынае кампанію па інфармаванні грамадзян «аб рэальных выніках выбараў». Пра гэта было заяўлена 25 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску прадстаўнікамі сямі апазіцыйных структур.
Кампанію будуць праводзіць Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Малады фронт» (Чэхія), аргкамітэты па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) і «Беларускі рух», Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Рада беларускай інтэлігенцыі і грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», перадае БелаПАН.
«Тое, што ў Беларусі адбылося, не можа лічыцца выбарамі, гэта былі псеўдавыбары ў ілжэпарламент», – заявіў лідэр АГПАнатоль Лябедзька. Ён нагадаў, што прадстаўнікі АГП і іншых дэмакратычных арганізацый актыўна ўдзельнічалі ў назіранні на выбарчых участках і былі задзейнічаны ў выбарчых камісіях.
«Па тых дадзеных, якія мы атрымалі ад нашых людзей, якія ўдзельнічалі ў розных сетках незалежнага назірання, мы канстатуем, што больш паловы выбаршчыкаў Беларусі не прынялі ўдзел у галасаванні. Па Менску гэтая лічба яшчэ больш страшная для ўлады – дзве трэці выбаршчыкаў не прыйшлі на ўчасткі . Гэта пацвярджаецца дадзенымі назіральнікаў і тых, хто працаваў у камісіях. Гэта дае нам падставы заявіць, што так званыя выбары не адбыліся, яны не могуць мець юрыдычных наступстваў для Беларусі. У нас няма абраных дэпутатаў, няма парламента, на яго месцы ўтварылася чорная дзірка», – заявіў Лябедзька.
Па словах палітыка, розныя сеткі назіральнікаў вялі падлік яўкі больш чым на 1.300 выбарчых участках. «Нават сацыёлагі бяруць выбарку ў 1.500 чалавек і лічаць яе рэпрэзентатыўнай», – адзначыў ён.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі, у сваю чаргу, адзначыў, што дадзеныя ўсіх назіральніцкіх кампаній «не занадта адрозніваюцца паміж сабой».
«Будзь гэта кампанія назірання «За справядлівыя выбары», або «Праваабаронцы за свабодныя выбары», або назіральнікі ад БХД, або незалежныя назіральнікі ад іншых арганізацый – ва ўсіх практычна адны лічбы, разбежка ў адзін-два адсоткі. Прычым, гэтыя кампаніі ніяк паміж сабой не каардынаваліся. І тое, што гэтыя лічбы практычна супадаюць, дае нам падставу казаць, што ў Менску і ў буйных гарадах выбары не адбыліся», – заявіў Рымашэўскі.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі прызналі, што ў сельскай мясцовасці незалежнае назіранне не вялося. Аднак, як заўважыў лідэр аргкамітэта па стварэнні «Беларускага Руху» Віктар Івашкевіч, паводле апошняга перапісу насельніцтва 75% жыхароў Беларусі жывуць у гарадах. «Беларусь ужо не калгасная і не сельская краіна, таму мы можам казаць, што лічбы назірання адлюстроўваюць пазіцыю большасці», – лічыць Івашкевіч.