Сваякі палітвязняў падзяквалі Папе Рымскаму
Сем’і беларускіх палітвязняў выказалі падзяку Папе Рымскаму за ўвагу да зняволеных палітыкаў і актывістаў, папрасілі яго паспрыяць іх хутчэйшаму вызваленню ды не спыняць малітваў за Беларусь.
Адкрытым лістом сваякі палітвязняў адрэагавалі на візіты Апостальскага нунцыя ў беларускія турмы, дзе ён сустрэўся з Міколам Статкевічам, Змітром Дашкевічам, Паўлам Севярынцам (на “хіміі”), Алесям Бяляцкім, Сяргеем Каваленкам і Паўлам Сырамалотавым (ужо вызваленыя).
Вядома, што ў аўторак арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэнецца з Папам Рымскім Бенедыктам XVI і адной з тэмаў размовы будуць беларускія палітвязні.
Выкладаем поўны тэкст адкрытага ліста, які распаўсюджваецца ў СМІ і быў накіраваны асабіста Апостальскаму нунцыю з просьбаю перадаць Папу Рымскаму:
Хвала Ісусу Хрысту!
“Бог ёсць любоў” 1 Ян 4,16
Дарагі Святы Айцец Бэнэдыкт!
Мы, Беларусы, людзі добрай волі, сваякі і сябры палітзняволеных, хрысціяне розных канфесій, хочам выразіць Вам словы вялікай падзякі за Дабраславенне, Спачуванне і прывітанне для нашых палітвязняў, якія дайшлі да іх і да нас усіх праз Апостальскага Нунцыя Арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Для нас гэта быў сапраўдны цуд і знак таго, што Бог нас чуе, змагаецца разам з намі супраць зла, а Яго слугі-сапраўды добрыя пастыры, якія побач са сваімі авечкамі, асабліва тады, калі надыходзіць воўк. Палітычныя вязні Беларусі (Мікалай Аўтуховіч, Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Алесь Бяляцкі, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Васіль Парфянкоў, Яўген Васьковіч, Аляксандр Круты, Арцём Пракапенка, Аляксандр Маўчанаў) – гэта адважныя, справядлівыя людзі, некаторыя з іх глыбока веруючыя хрысьціяне, гэта людзі сумлення і праўды, якія ахвяравалі сваё жыццё дзеля Вызвалення нашай Айчыны ад усяго, што прыніжае годнасць чалавека. Некаторыя з іх у вязьніцы церпяць пераслед нават з-за веры, так як Зміцер Дашкевіч. Мы хацелі б падзяліцца з Вамі нашым болем.
Гэта ня толькі тое, што на працягу 17 год у нашай краіне правіць баль апошні дыктатар Еўропы, але гэта боль, які прычыняюць глыбокія карані атэістычнай камуністычнай сыстэмы, якія яшчэ вельмі моцна і глыбока трымаюцца ў кожнай сферы жыцця Беларусі. Гэта боль грэшнай сыстэмы, якая трымаецца на хлусні і страху. І таму разумеем важкасць ня толькі палітычнага змагання за праўду і справядлівасьць, але перад усім духовае вызваленне нашай краіны ад усялякага зла.
На працягу ўжо амаль двух гадоў пасля «Крывавай ночы 19 снежня 2010 года» у Менску ля Каталіцкага касьцёла Св. Сымона і Алены, людзі добрай волі пачалі экуменічную малітву за Вольнасць нашай краіны, за вызваленне палітычных вязняў, як і за навяртанне тых, хто трымае ўладу сілай, крыўдзячы годнасць і свабоду народа. Гэта месца сталася сымбалічнай выспай Свабоды! Мы верым, што Бог, як і Яго Мац,і дапамагаюць і бароняць нас і будуць гэта рабіць заўсёды паводле Божае волі.
Мы таксама звяртаемся да Вас, Святы Айцец, з просьбай маліцца за нас, за Беларусь, за тых, хто церпіць у вязніцах пераслед, здзекі, гвалт, аддае сваё жыццё дзеля праўды, свабоды, справядлівасці і будучыні, пабудаванай не на камуністычных, а на хрысьціянскіх каштоўнасцях! Просім паспрыяць хуткаму вызваленню нашых блізкіх, над якімі і сёння здяйсьняецца гвалт.
Вялікі дзякуй і нізкі паклон за тое, што падтрымалі нас і нашых блізкіх, за тое, што пачулі наш крык душы!
З малітвай і любоўю Хрыста,