Біскуп ХВЕ Сяргей Цвор патрабуе спыніць ціск на Змітра Дашкевіча

01 кастрычніка 2012 15:03  |  Палітыка

Выканаўца абавязкаў япіскапа Аб’яднанай Царквы хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь Сяргей Цвор звярнуўся ў Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Генеральную пракуратуру і Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі з просьбай “правесці ўсебаковае расследванне фактаў неправавых дзеянняў адміністрацыі Мазырскай папраўчай калоніі №20 у дачыненні да Дашкевіча Змітра Вячаслававіча, і ўжыць меры па недапушчэнні падобных фактаў у будучым”.  

 

 

Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей

Гэнэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь

Дэпартамент выканання пакаранняў МУС РБ

 

 

ЗВАРОТ

 

26 верасня 2012 г. у сродках масавай інфармацыі з’явілася інфармацыя пра ціск, які ажыцяўляецца на Дашкевіча Змітра Вечаслававіча з боку адміністрацыі Мазырскай папраўчай калоніі №20. У прыватнасці, адзначалі, што прастаўнікі адміністрацыі калоніі абразліва выказваліся ў дачыненні да пратэстанцкіх цэркваў і евангельскай веры Змітра Дашкевіча, гэтаксама з іхніх вуснаў гучалі пагрозы згвалтавання.

 

Зміцер Дашкевіч з’яўляецца членам царквы хрысціян веры евангельскай “Ян Прадвеснік” г. Мінска з 2006 г. Ягоны арышт і прысуд за нібыта здзейснены ім напад на двух мужчын выклікаў шмат пытанняў як непраўдападобнасцю падобных дзеяў з боку веруючага хрыціяніна, так і дзіўным правядзеннем працэсу, калі пацярпелых так ніхто і не пабачыў.

 

Інфармацыя пра ціск, скіраваны ў калоніі на Дашкевіча, выклікае нашую трывогу і занепакоенасць. Асабліва дзіўным падаецца тое, што кіраўнік калоніі Юрый Багданавіч Збароўскі, які называе сябе праваслаўным і па статусе пакліканы адказваць за законнасць і правапарадак, дазваляе сабе зняважлівае стаўленне да евангельскіх вернікаў. Бо не сакрэт, што дзякуючы дзейнасці евангельскіх хрысціян многія асуджаныя пакідаюць сваё мінулае крымінальнае жыццё і становяцца нармальнымі членамі грамадзтва. Але перадусім, пагрозы і знявагі з’яўляюцца недапушчальнымі ў дачыненні да ўсякага чалавека, верніка ці няверуючага, бо кожны чалавек з’яўляецца вобразам Божым і ўсялякая знявага ці прыніжэнне чалавека ў нейкай ступені зневажае і Творцу. Нядзіўна, што такія знявагі і пагрозы, у тым ліку і пагрозы згвалтавання, якія гучаць з вуснаў прадстаўнікоў адміністрацыі калоніі, вымуслі Змітра Дашкевіча на такую скрайнюю форму пратэста, як галадоўка.

 

Год таму падобная інфармацыя пра ціск на Змітра Дашкевіча з боку адміністрацыі Горацкай калоніі №9 таксама не пакінула нас абыякавымі.

 

У сувязі з вышэйзгаданым, просім правесці ўсебаковае расследванне фактаў неправавых дзеянняў адміністрацыі Мазырскай папраўчай калоніі №20 у дачыненні да Дашкевіча Змітра Вячаслававіча, і ужыць меры па недапушчэнні падобных фактаў у будучым. Мы, у сваю чаргу, будзем маліцца ў памесных цэрквах, каб жыццё і здароўе Змітра Дашкевіча былі ў бяспецы.

 

 

 

З малітвай,

 

 

В.а. япіскапа Аб’яднанай Царквы

хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь               С.П. Цвор

Болей навін