Рэжым Лукашэнкі пагражае дзецям Дзяніса Садоўскага
Адказны сакратар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі быў адным з каардынатараў байкоту ў Менску. 28 жніўня ён быў гвалтоўна скрадзены падчас расклейвання плакатаў за байкот “выбараў” і таемна “асуджаны” ў судзе Фрунзенскага раёну Менска да 10 сутак арышту.
І вось сёння, 5 кастрычніка, да яго па месцы прапіскі прыйшла “сацыяльны педагог”сацыяльна-педагагічнага цэнтру Савецкага раёну Менска Галіна Мікалаеўна Гаўрылава (т. 8017 3859236), каб на загад дырэктара цэнтру Алены Іванаўны Пяроўскай (т. 8017 266 3673) у сувязі з неаднаразовымі затрыманнямі Дзяніса Садоўскага “праверыць”, у якіх умовах утрымліваюцца яго дзеці – трохгадовы сын і пяцімесячная дачка. Пры гэтым Гаўрылава груба пагражала праблемамі ў сям’і адказнага сакратара БХД, а, не знайшоўшы яго, абяцала шукаць яго з міліцыяй.
У Дзяніса Садоўскага дадзены візіт “педагогаў” выклікаў толькі абурэнне. “Няма ніякіх пытанняў, што рэжым вырашыў падобным чынам націснуць на мяне і на маю сям’ю, стварыць напружанне ў сям’і. Пры гэтым усім відавочна, што маё затрыманне 28 жніўня,як і гэтае наведванне, палітычна матываваныя”, – адзначыў ён.
У сваю чаргу сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што гэтыя дзеянні ўладаў вельмі нагадваюць ціск, які аказваўся на сям’ю экс-кандыдата ў прэзідэнта Андрэя Саннікава, калі спецслужбы пагражалі забіць і выкрасці яго трохгадовага сына. “Гэта ўжо нават не аўтарытарныя метады. Гэта метады гітлераўскаг гестапа, калі пачынаюць пагражаць маленькім дзецям”, – падкрэсліў ён.