Дзяніс Садоўскі: Рэжым «закручвае гайкі»

09 кастрычніка 2012 14:43  |  Галоўныя навіны

Новае тлумачэнне «тэрарызму» прымаецца як рэакцыя на байкот «выбараў», лічыць актывіст.

 

Адказны сакратар партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Дзяніс Садоўскі пракаментаваў сайту charter97.org новыя папраўкі ў законы па пытаннях «барацьбы з тэрарызмам» і «процідзеяння экстрэмізму». У прыватнасці, цяпер зменіцца трактоўка паняцця «тэрарызм».

 

«Я думаю, гэта прамая рэакцыя ўладаў на тое, што ў Беларусі адбыўся байкот «выбараў». Людзі, якія нагамі прагаласавалі супраць рэжыму, паказалі яму свой недавер. І ўлады зразумелі, што гэта пагражае іх існаванню», – лічыць актывіст.

 

«Таму зваротная рэакцыя з боку рэжыму – яшчэ большае «закручванне гаек». Уладам важна не даць ніякай магчымасці дзейнічаць грамадзянскай супольнасці. Не дазволіць людзям змагацца за свой дабрабыт. Гэта звычайная спроба запалохаць людзей і спыніць якія-небудзь дэмакратычныя працэсы ў грамадстве», – упэўнены Дзяніс Садоўскі.

 

Сакратар БХД лічыць, што закон аб «барацьбе з тэрарызмам» можа выкарыстоўвацца па-рознаму.

 

«Ёсць такая практыка, калі закон уводзіцца для застрашвання. Ён не выкарыстоўваецца, але вісіць над людзьмі як «дамоклаў меч». Напрыклад, закон аб свабодзе сумлення фактычна забараняе маліцца разам больш чым двум грамадзянам. Любы чалавек у царкве, дзе моліцца больш двух чалавек, можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Але гэты закон не выкарыстоўваецца. Хоць калі Царква пачне актыўна ўдзельнічаць у грамадстве, то яе прадстаўнікоў прыцягнуць да крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле», – сказаў актывіст.

 

«Так што, магчыма, новы закон аб «супрацьдзеянні экстрэмізму» будзе вісець як «дамоклаў меч» над грамадзянскай супольнасцю, і прымяняцца будзе толькі ў адзінкавых выпадках. Ну а калі ён будзе выкарыстоўвацца масава, тады гэта будзе Паўночная Карэя», – адзначыў Дзяніс Садоўскі.

 

Нагадаем, нядаўна «палата прадстаўнікоў» прыняла ў другім чытанні папраўкі ў законы па пытаннях «барацьбы з тэрарызмам» і «процідзеяння экстрэмізму».

 

Так, прапануецца прынцыпова змяніць вызначэнні паняцця «тэрарызм» і разглядаць яго як сацыяльна-палітычную крымінальную з’яву, якая ўяўляе сабой ідэалогію і практыку прымянення гвалту ці пагрозы гвалту для ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, перашкоды палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, правакацыі міжнародных канфліктаў ці вайны , застрашвання насельніцтва.

Болей навін