Беларускія дэмакратычныя сілы падпісалі “Брусельскую дэкларацыю”
Падчас канферэнцыі па Беларусі, ініцыяванай еўрадэпутатам Марэкам Мігальскім, 12 апазіцыйных структур падпісалі “Брусельскую дэкларацыю”.
Беларуская апазіцыя заклікае еўрапейскія структуры актывізаваць намаганні па дэмакратызацыі Беларусі.
12 апазіцыйных структур падпісаліся пад “Брусельскай дэкларацыяй”: АГП, рух “За Свабоду”, кампанія “Гавары праўду”, БПЛ “Справядлівы свет”, БСДП (Грамада), “Малады фронт”, “Еўрапейская Беларусь”, БХД, Саюз “За мадэрнізацыю”, Беларуская партыя зялёных, КХП-БНФ, аргкамітэт партыі Свабоды і прагрэсу.
Намеснік старшыні руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, які з калегамі знаходзіцца ў Еўрапарламенце, растлумачыў, што ў Бруселі прысутнічае дэлегацыя беларускай апазіцыі, якую еўрадэпутат Марэк Мігальскі сабраў на канферэнцыю па беларускай праблеме. На канферэнцыі таксама прысутнічае былы прэзідэнт Літвы Вітаўтас Ландсбергіс.
– У Бруселі знаходзіцца дэлегацыя ад 12 апазіцыйных структур, якія прыехалі на міжнародную канферэнцыю па Беларусі, арганізаваную еўрадэпутатам Марэкам Мігальскім. Мы абмеркавалі агульныя для ўсіх мэты – імкненне да адзінства, і прынялі так званую “Брусельскую дэкларацыю” з заклікам больш актыўна ўдзельнічаць у дэмакратызацыі Беларусі. Цікавасць да Беларусі ёсць, – падкрэсліў Юрый Губарэвіч.
У дакуменце, у прыватнасці, адзначаецца:
“Мы, ніжэйпадпісаныя, сабраўшыся ў Бруселі 17 кастрычніка 2012 г., заклікаем інстытуты Еўрапейскага Саюза прыкласці максімум намаганняў для дэмакратызацыі Беларусі. Ацэньваючы працу, якую правялі пэўныя ўстановы і прыватныя асобы ЕС, мы лічым, што неабходна актывізаваць дзейнасць у гэтым кірунку.
Змагацца за свабоду і дэмакратыю ў нашай краіне было б нашмат складаней без падтрымкі і салідарнасці еўрапейскіх інстытутаў. Мы разумеем, што толькі беларускі народ можа вызначыць дэмакратычную будучыню краіны, але для таго, каб гэта адбылося ў бліжэйшы час, нам неабходная ўсебаковая падтрымка з боку краін ЕС і самога Еўрапейскага Саюза.
Еўрапейскі Саюз павінен заклікаць да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і іх рэабілітацыі, а таксама – да спынення палітычных рэпрэсій.
Беларускі народ заслугоўвае жыцця ў тых жа эканамічных і палітычных умовах, у якіх жывуць краіны ЕС у цяперашні час. Мы перакананыя, што ў будучыні наша краіна стане сябрам гэтай супольнасці.
Аляксандр Атрошчанкаў (па даручэнні Станіслава Шушкевіча)
Зміцер Бандарэнка
Юрась Губарэвіч
Сяргей Каваленка
Аляксандр Кіркевіч
Алесь Міхалевіч
Уладзімір Навасяд
Алег Новікаў
Васіль Палякоў
Віталь Рымашэўскі
Уладзімір Сякерка
Сяргей Вазняк