Віталь Рымашэўскі: улады не хочуць выпускаць беларусаў за мяжу

19 кастрычніка 2012 15:35  |  Галоўныя навіны

Рэжым наўмысна адмаўляецца спрасціць выезд для беларусаў у іншыя краіны, упэўнены палітык.

«Калі б улады мелі б такую магчымасць, яны не проста забаранілі бы выезд беларусам з краіны, яны ўвялі б прыгоннае права», – сказаў у інтэрв’ю charter97.org сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД) Віталь Рымашэўскі.

Па словах палітыка, рэжым шукае апраўданняў, каб не даць беларусам выехаць з краіны. “Адмова афіцыйнага Мінска лібералізаваць памежны рух з Польшчай з-за палітычнай пазіцыі гэтай краіны – толькі апраўданне дыскрымінацыі рэжымам беларускіх грамадзян”.

Улады адмовіліся спрасціць памежны рух, нават калі падзялялі палітычную пазіцыю Польшчы, адзначыў Віталь Рымашэўскі. «Польшча прапанавала лібералізаваць памежны рух яшчэ некалькі гадоў назад, да апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Тады адносіны Беларусі з гэтай краінай былі добрымі. Але Беларусь не ратыфікавала дакументы па гэтым пытанні».

Улады робяць усё, каб не пусціць беларусаў за мяжу, лічыць адзін з лідэраў БХД. «Абмежаванне на выезд дзяржава робіць не толькі праз адмову спрашчаць памежны рух. Тысячам беларусаў абмежаваны выезд з краіны, сотні грамадзян пастаянна трапляюць у нейкія спісы невыязных».

Сапраўдная прычына адмовы лібералізацыі памежнага руху – жаданне зрабіць беларусаў рабамі, распавёў экс-кандыдат у прэзідэнты: «Гэта дыскрымінацыя ўладамі грамадзян сваёй краіны, спроба зрабіць беларусаў рабамі».

Нагадаем, 18 кастрычніка начальнік упраўлення інфармацыі – прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных на брыфінгу заявіў, што Беларусь не гатовая да лібералізацыі памежнага руху з Польшчай.

«Палітыка, якую праводзіць польскі істэблішмэнт ў двухбаковых адносінах, фармуе вельмі неспрыяльны клімат і мы пакуль, на вялікі жаль, не гатовыя рухацца ў гэтым кірунку», – заявіў ён.

Болей навін