Рымашэўскі: Увядзенне “часу цішыні” не патрабуе ні рубля, але абароніць тысячы дзяцей (відэа)

29 кастрычніка 2012 19:34  |  Грамадства

29 кастрычніка ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя, на якой прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” прэзентавалі змены ў закон аб ахове здароўя, накіраваныя на падтрымку сям’і, абарону жыцця і паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.

“БХД лічыць падтрымку інстытута сям’і адной з прыярытэтных задач для партыі, — адзначыў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі. — Мы прапануем, каб гэта стала асновай для дзейнасці беларускай дзяржавы на бліжэйшы час. У наступным месяцы заканадаўцамі будуць прымацца папраўкі ў закон аб ахове здароўя. БХД правяла шэраг круглых сталоў, выпрацавала прапановы ў гэты дакумент і сабрала больш за тры тысячы подпісаў у іх падтрымку. Яны накіраваныя ў Міністэрства аховы здароўя, Саўмін і ўсе тыя органы, якія адказныя за прыняцце зменаў у гэты закон”. 

Паводле слоў палітыка, адна з асноўных прапаноў — увядзенне “часу цішыні”. “Мы прапануем, каб на працягу пяці дзён з таго моманту, калі жанчына звярнулася для таго, каб зрабіць аборт, медычная ўстанова не дазваляла і не рабіла гэтую працэдуру, — патлумачыў Рымашэўскі. — З тым, каб жанчына магла абдумаць сваё рашэнне, каб сацыяльныя арганізацыі, якія працуюць з крызіснымі сітуацыямі, маглі ёй дапамагчы. Увядзенне гэтага пункту не патрабуе ад беларускага бюджэту ні аднаго рубля, але будуць абароненыя дзясяткі тысяч беларускіх дзяцей”. 

Асноўная мэта кампаніі “За сямейныя каштоўнасці”, якую пачынае “БХД”, расказала актывістка партыі Вольга Кавалькова, абараніць беларускіх жанчын ад такога кроку, як неабдуманы аборт. Акрамя ўвядзення “часу цішыні”, “БХД” прапануе скараціць тэрмін для правядзення аборту пры адсутнасці медыцынскіх паказанняў да сямі тыдняў. Як патлумачыў Рымашэўскі, калі аперацыя робіцца на пазнейшых стадыях, то ад 31 да 50% жанчын застаюцца бясплоднымі”. 

Паводле яго слоў, ініцыятывы “БХД” леглі ў аснову сумесных прапаноў каталікоў і праваслаўных па ўнясенні змен у закон.

 

Болей навін