Прэзэнтацыя кнігі вершаў “Кенгір” пакутніцы ГУЛАГу Надзеі Дземідовіч пройдзе ў Менску

30 кастрычніка 2012 17:15  |  Грамадства

У сераду 31 кастрычніка ў 18-00 на сядзібе БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) у межах “Марафону салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі” адбудзецца прэзэнтацыя кнігі вершаў “Кенгір” найстарэйшай беларускай дзяячкі, пакутніцы ГУЛАГу, паэткі Надзеі Раманаўны Дземідовіч з удзелам бард-сьпявачкі Тацьцяны Беланогай. Шчыра запрашаем!

Надзея Дземідовіч – гэта жанчына вялікага сэрца і шчырай душы, якую не зламалі ні катаваньні, на сталінскія лагеры, ні пазьнейшая адзінота (ГУЛАГ пакінуў яе без уласнай сям’і). Яна сапраўдная хрысьціянка, усім даруе, і за ўсіх перажывае, але асабліва за “людзей сваёй душы”, за шчырых беларусаў, якія зараз вымушаныя ўспадчваць яе пакутніцкі лёс. Сэнсам яе жыцьця стала сьведчаньне пра тое, што яна перажыла, каб гэта больш не паўтаралася. А найбольшае шчасьце для яе – бачыць і чуць беларускую моладзь.

Яе біяграфію, фота і відэа можна паглядзець тут

 

Кенгір – сьцяпны лагер у Казахстане ля горада Джэзказган, вядомы тым, што ў траўні-чэрвені 1954 года там адбылося самае буйное з паўстаньняў у ГУЛАГу. Яно працягвалася 40 дзён і было жорстка задушанае 25 чэрвеня танкамі, якія развальвалі баракі разам зь людзьмі. У выніку пагрому загінула больш за 700 чалавек. Надзеі Дземідовіч і яе сяброўкам-беларускам удалося выжыць у гэтым пекле.

Болей навін