Зварот Паўла Севярынца да зьезду МХД

03 лістапада 2012 15:11  |  Галоўныя навіны

Прадстаўляем вашай увазе зварот сустаршыні Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, палітвязьня Паўла Севярынца да ўзельнікаў устаноўчага зьезду Маладых Хрысьціянскіх Дэмакратаў.

 

Зварот Паўла Севярынца да зьезду МХД

 

Прывітаньне, мае дарагія сябры, удзельнікі ўстаноўчга зьезду Маладых Хрысьціянскіх Дэмакратаў!

 

Ёсьць у нас такая прыкмета – той, хто зачытвае пасланьне сустаршыні БХД, неўзабаве сам стане сустаршынём J.

 

Шаноўныя Маладыя Хрысьціянскія Дэмакраты! Сьпярша паведамлю вам некалькі важных рэчаў. У Беларусі менш за палову маладых ва ўзросьце 14-30 гадоў вераць у Бога. У Беларусі ўсяго толькі некалькі адсоткаў моладзі размаўляюць па-беларуску. У Беларусі штогод адбываецца 30 тысячаў забойстваў ненароджаных дзяцей, і ў асноўным сярод моладзі. У Беларусі большасьць, задумайцеся, большасьць моладзі злоўжывае алкаголем і лічыць распусту нормай. Беларусь – адна зь першых краінаў у сьвеце па колькасьці самазабойстваў, таксама найперш сярод маладых. Госпад даў вам – кожнаму з вас! – жыць у краіне нацыянальнага пафігізму, піўнога алкагалізму і бытавога крыміналу.

 

І для кожнага з вас, як для беларускага хрысьціянскага дэмакрата, пералік такіх фактаў – гэта асабісты выклік. Чалавеку справіцца з гэтым немагчыма.

 

Але ўсё магчыма Госпаду. Вось чаму быць хрысьціянскім дэмакратам не азначае быць да 20:00 хрысьціянінам, а пасьля 20:00 – дэмакратам. Быць хрысьціянскім дэмакратам азначае быць вобразам і падабенствам Божым 24 гадзіны ў суткі. Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя – не партыя, якая расказвае насельніцтву казкі пра хрысьціянскія прынцыпы ў палітыцы ў якасьці заманухі. Хрысьціянская Дэмакратыя – гэта рэальная ўлада Народу Божага. Яна азначае, што мы імкнемся, каб у гэтай краіне кіравалі не тыя, хто ўмее хутчэй утаптаць бліжняга ў бруд, а тыя, хто верыць у Бога і любіць Беларусь.

 

Госпад пасылаў сваіх вучняў як авечак сярод ваўкоў. Але яны зьмянілі гэты сьвет – хто мужнасьцю, хто мудрасьцю, хто адвагай, хто ахвярай. Няхай ніхто з вас не баіцца – ані Лукашэнкі, ані Расеі, ані кпінаў, ані здрадаў, ані ворагаў, ані д’ябла. Бойся Бога і больш нікога – гэта наш дэвіз.

 

70 гадоў таму аднаго з заснавальнікаў БХД ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага гітлераўцы забралі пасьля Імшы ад касьцёлу і расстралялі ў Трасьцянцы. Празь некалькі гадоў у сталінскім ГУЛАГу быў зьнішчаны другі лідар БХД – Адам Станкевіч. Не забывайцеся: за тое, каб мы маглі зараз называцца Беларускімі Хрысьціянскімі Дэмакратамі, людзі аддавалі жыцьцё.

 

Поле вашай працы – гэта мільёны маладых беларусаў 14-30 гадоў, якія сьпіваюцца і забіваюць сваіх дзетак, якія ня лічаць сябе беларусамі, якія па плечы ў зьле.

 

Страшна? Ня бойцеся.

 

Нам трэба іх выцягнуць.

 

Вашае сэрца адкрыта для многіх жаданьняў, ідэяў і парываў. Дам вам толькі адну параду: найперш, адкрывайце яго для Госпада. Імя Хрыстовае ў імені Маладыя Хрысьціянскія Дэмакраты – гэта найвялікшая адказнасьць, якую толькі можна ўявіць у палітыцы. Ніколі не забывайцеся пра гэта.

 

З досьведу самага масавага і пасьпяховага руху ў найноўшай гісторыі Беларусі – Маладога Фронту – параю вам найперш быць дзейснымі. Для моладзі менавіта дзеньне – сігнал: далучайся! Крэатыўныя акцыі, раздачы ўлётак і флаераў, вандроўкі і пілігрымкі – вырашайце самі, які, галоўнае – рух: пад сьцягам Хрыста да Самога Хрыста!

 

Стаўцеся да Партыі БХД як да хай сабе і старэйшых, але братоў. Ваш тыл – гэта царква, касьцёл і малітоўны дом. Ваш хаўрусьнік нумар адзін сярод моладзі – Малады Фронт, заснаваны на гэткіх жа хрысьціянскіх прынцыпах. Вы непазьбежна прыйдзеце на зьмену нашаму пакаленьню – і ў партыі, і ў Беларусі. І я веру, што гэта вы будзеце сярод пераможцаў, якія падымуць па-над Беларусьсю наш сьвяты бел-чырвона-белы сьцяг.

 

Жыве Беларусь! Жыве з Богам!

Болей навін