Віталь Рымашэўскі: cпыняцца на санкцыях нельга
У дачыненні да тых, хто падтрымліваюць рэжым Башара Асада, павінны быць распачатыя крымінальныя справы, лічыць палітык.
«Я думаю, што тыя кампаніі, якія дапамагаюць забіваць мірных грамадзян, абавязкова павінны патрапіць пад санкцыі і павінны былі патрапіць пад іх ужо даўно. Я спадзяюся, што заклік сірыйскага народа падзейнічае, і ўрад Велікабрытаніі на яго адгукнецца», – сказаў сайту charter97.org сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД) Віталь Рымашэўскі.
Калі Еўропа не пакарае датычных да падтрымкі сірыйскага рэжыму, гэта будзе падставай для паўтарэння падобных злачынстваў і ў іншых краінах, адзначыў палітык:
«Тое, што зараз адбываецца ў Сірыі – гэта фактычна грамадзянская вайна. І ўсе тыя, хто спрыяе пастаўкам зброі рэжыму Башара Асада, які змагаецца з уласным народам, здзяйсняюць злачынства. Трэба не толькі забараніць гандаль з падобнымі кампаніямі, але і пачаць крымінальны пераслед усіх датычных да гэтага людзей, незалежна ад іх пасад. Гэта злачынства супраць чалавечнасці. У Сірыі шмат ахвяр, загінула шмат дзяцей, і спыніцца на простых эканамічных абмежаваннях ужо нельга. Таму што калі людзі не панясуць за гэта адказнасці, гэта будзе азначаць, што дэмакратычныя краіны даюць падставу, каб гэтыя злачынствы паўтараліся і ў іншых краінах, і ў яшчэ большых маштабах».
Увядзенне эканамічных санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў павінна суправаджацца цвёрдай пазіцыяй па рэжыму Пуціна, лічыць Віталь Рымашэўскі:
«Безумоўна, эканамічны ціск на Беларусь ставіць нашы ўлады ў дрэннае становішча. Гэта будзе спрыяць змене рэжыму ў Беларусі. Але гэтае пытанне нельга падаваць пад падвойнымі стандартамі. Жорсткая і цвёрдая пазіцыя Еўропы павінна быць не толькі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, але і ў дачыненні да рэжыму Пуціна. Сярод тых сучасных палітыкаў, якія прытрымліваюцца пазіцыі «рэал палітык», магчымы і такі варыянт, што Беларусь проста аддадуць у сферу ўплыву Расеі. І вось тады эканамічныя санкцыі не прынясуць ніякага эфекту. У такім выпадку для простых беларусаў нічога не зменіцца, нават пасля змены аднаго расейскага стаўленіка на іншага».
Еўразвяз павінен заявіць, што ценявы распродаж беларускіх прадпрыемстваў незаконны, упэўнены сустаршыня БХД:
«Таму вельмі важна, каб Захад выказваўся аб незаконнасці продажу беларускіх прадпрыемстваў расейскаму бізнесу, таму што зараз адбываецца захоп буйных беларускіх прадпрыемстваў, нацыянальнага здабытку і багацця Беларусі. І без сігналу і заявы Еўразвяза аб тым, што гэтыя здзелкі не будуць прызнаныя, калі яны складаюцца ценявым, негалосным чынам, прыход у Беларусь дэмакратыі не адбудзецца».
Нагадаем, што ў лісце, накіраваным арганізацыяй «Сірыйцы ў Велікабрытаніі» у парламент гэтай краіны, сірыйцы патрабуюць увядзення эканамічных санкцый супраць Лукашэнкі за падтрымку рэжыму Башара Асада. Сірыйцы просяць Лондан заблакаваць гандаль з беларускімі кампаніямі, а таксама прыняць меры для таго, каб сірыйскі кіраўнік не змог пазбегнуць суда, схаваўшыся ў Беларусі.