Уладзь Яроменак. Змагар за Беларусь (Відэа)
Прадстаўляем вашай увазе фільм рэжысёра Вольгі Мікалайчык (студыя Bramafilm) пра змагара-патрыёта, былога палітвязня, шчырага верніка, маладафронтаўца і сябра БХД Уладзя Яроменка.
Гэты кароткаметражны дакументальны фільм быў прэзэнтаваны ў аўторак 13 лістапада ў межах “Марафона Салідарнасці” з беларускімі палітвязнямі, якраз у той час, як сам Уладзь адбывае чарговае адміністратыўнае пакаранне ў сумнавядомым спецпрыёмніку на Акрэсціна за антыкамуністычную акцыю напярэдадні 7 лістапада.
Фільм зроблены ў межах праекта “Салідарнасць” пры дапамозе чэскай няўрадавай арганізацыі “Людзі ў нядолі”. Працягласьць – 13 хв.
Уладзь Яроменак – адзін з амаль паўсотні чалавек, якія патрапілі пад крымінальны пераслед пасля мірнай акцыі пратэсту супраць фальшывавання прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г. года ў Мінску. Шматлікія беларускія палітвязні трываюць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне ў беларускіх турмах. Нават пасля вызвалення яны, як Уладзь, пазбаўленыя права на працу і вучобу.
За час пасля датэрміновага вызвалення з турмы ў 2011 г. Уладзь Яроменак больш за 10 разоў трапляў за краты па сфабрыкаваных абвінавачваннях у адміністрацыйных правапарушэннях. У нялюдзкіх канцлагерных умовах мінскага СІЗА па зав. Акрэсціна Уладзь напрацягу 2012 г. правёў больш як 150 сутак, часам па 30 сутак запар.