Асіповіцкія актывісты БХД ўспрымаюць дзеянні КДБ па адносінах да іх, як тэрарызм
Тром Асіповіцкім актывістам аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) вынесена папярэджанне КДБ аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства. Пра гэта БелаПАН паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі.
Ён адзначыў, што аргкамітэт па стварэнні БХД будзе звяртацца ў суд з патрабаваннем адмяніць гэтыя папярэджанні. “Мы лічым гэтыя папярэджанні незаконнымі і накіраванымі на тое, каб прымусіць нашых прыхільнікаў адмовіцца ад удзелу ў працы аргкамітэта па стварэнні БХД. Акрамя таго, я нагадваю, што ў Беларусі прыняты новы закон аб тэрарызме. Сярод іншых палажэнняў у ім пад паняцце” тэрарызм ” падпадаюць гвалтоўныя дзеянні ці пагроза гвалтоўных дзеянняў да грамадзянаў з мэтай спыніць ці перашкодзіць іх грамадскай ці палітычнай дзейнасці. Менавіта як тэрарызм мы зараз ўспрымаем гэтыя дзеянні КДБ “, – заявіў Рымашэўскі.
Сустаршыня аргкамітэта нагадаў, што БХД чатыры разы праводзіла ўстаноўчыя з’езды партыі і ўсе чатыры разы Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі. Цяпер БХД праводзіць працу па рэгістрацыі сваіх структур як рэгіянальных грамадскіх арганізацый.