У Гомелі прапанавалі стварыць прававую школу для цыганаў

20 лістапада 2012 08:40  |  Галоўныя навіны

19 лістапада ў Гомелі з ініцыятывы мясцовага аргкамітэту ў стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» ладзіўся «круглы стол» у пытаньнях цыганоў, якіх у абласным цэнтры пражывае, як найменей, паўтары тысячы.

Маладыя цыганы проста зачаравалі удзельнікаў «круглага стала» сваім танцам. Прэзэнтаваўся й відэафільм сябра БХД Ларысы Шчыраковай пра жыцьцё цыганскай дыяспары ў вёсцы Прыбар Гомельскага раёну.

Каардынатар БХД Юры Клімовіч расказаў пра гісторыю цыганскага народу. Яго першыя прадстаўнікі зьявіліся ў Беларусі больш як тысячу гадоў таму. На жаль, стаўленьне да цыганоў было й засталося пераважна нэгатыўным. У Статуце ВКЛ быў нават асобны 35-ты артыкул пра цыганоў, які вызначаў іх сутнасьць як «людзей непатрэбных і гультаяватых», передае Радыё Свабода.

Грамадзкая актывістка Марыя Багдановіч, будучы кумой ў цыганскай сям’і, зрабіла агляд мясцовай прэсы, у публікацыях якой наглядна праяўляюцца матывы цыганафобіі. З гэтай нагоды ёй асабіста прыйшлося зьвяртацца ва ўправу ідэалёгіі Гомельскага аблвыканкаму й Міністэрства інфармацыі.

Многія з цыганоў ня маюць нават пачатковай адукацыі, іх не бяруць на працу. Ня маючы дакумэнтаў, цыганы ня могуць атрымаць і своечасовую мэдычную дапамогу. Вельмі часта яны зьведваюць ціск з боку міліцыі, напады скінхэдаў. Пра гэта згадвала ў сваім выступе цыганка Надзея, якая навярнуўшы, адкінула ўсе хібныя цыганскія практыкі. Сама яна не магла ўладкавацца на працу на завод ліцьця й нармаляў да таго часу, пакуль не назвалася асэтынкай.

Пастар царквы «Жывое слова веры» Дзьмітры Падлобка апавёў пра цыганоў-вернікаў і пра дапамогу царквы ў навучаньні цыганскіх падлеткаў , якія ў 12-14 гадоў ня ўмелі ні чытаць, ні пісаць. «Калі мы хадзілі да чыноўнікаў адміністрацыі Савецкага раёну, то ў іх знаходзіўся дзясятак прычынаў, паводле які цыганам нельга дапамагчы», — заявіў пастар.

 

Як адзначыў прэсавай службе БХД Юры Клімовіч, круглы стол прайшоў у надзвычай цёплай і спагадлівай атмасферы. Паводле яго словаў, усе ўдзельнікі мерапрыемства з разуменьнем паставіліся да праблемаў цыганскай меншасьці і да неабходнасьці ўлічваць яе культурныя і гістарычныя асаблівасьці пры інэграцыі ў беларускае грамадзтва.

 

У сваю чаргу праваабаронца і сябар БХД Алесь Яўсеенка адзначыў поўнае няведаньне цыганамі сваіх грамадзянскіх правоў. Гэтак, падкрэсьліў ён, некаторыя цыганы нават баяцца ісьці ў цэнтар працаўладкаваньня, бо хвалююцца, што іх могуць там арыштаваць. З гэтай прычыны ён прапанаваў стварыць для цыганаў прававую школу, дзе прапануецца навучыць цыганаў іх правам як грамадзянаў. Між тым пастар Дзьмітры Падлобка заявіў, што можа вылучыць памяшканьне для школы.

 

Таксама падчас круглага сталу было закранутае і пытаньне культуры ідыш беларускіх габрэяў, якая на сёньняшні дзень амаль вымерла і цалкам ігнаруецца кіраўніцтвам дзяржавы Ізраіль. Разам з тым, на думку ўдзельнікаў круглага стала, яна ёсьць складовай часткай беларускага космасу.

Болей навін