Хрысьціяне выказваюць падтрымку «Новаму жыцьцю»
На адрас царквы «Новае жыцьцё», у якой улады хочуць адабраць будынак, паступаюць лісты падтрымкі ад вернікаў з розных краін сьвету.
«Мы разумеем, што д’ябал спрабуе перашкодзіць працы Божай. Той, Хто ў вас, больш таго, хто ў гэтым сьвеце. Зробім усё, што ад нас залежыць, каб зрабіць гэтую навіну здабыткам грамадзкасьці. Будзем таксама маліцца», — напісалі хрысьціяне з Масачусетса.
У пасланьнях з Ізраілю, Аўстраліі, Нямеччыны, Ірляндыі гучаць заклікі не здавацца.
Многія хрысьціяне накіроўваюць індывідуальныя і калектыўныя лісты з патрабаваньнем спыніць перасьлед царквы ў адрас дзяржаўных органаў Беларусі, а таксама праводзяць адмысловыя набажэнствы.
Кіраўніцтва і вернікі царквы заяўляюць, што ня маюць намеру адмаўляцца ад сваёй уласнасьці і пакідаць царкоўны будынак. Яны ладзяць кругласутачную малітву за захаваньне свайго будынка.
На 5 сьнежня гаспадарчы суд Менска прызначыў прымусовае высяленьне рэлігійнай грамады хрысьціян поўнага Эвангельля «Царква «Новае жыцьцё» з дома № 72 па вуліцы Кавалёва.
Кіраўніку царквы прадпісана да 11 гадзін 5 сьнежня «вызваліць памяшканьне, а таксама падрыхтаваць для перадачы камплекты ключоў».
У 2005 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстаньня зямельным участкам, выдадзеным ёй у бестэрміновае карыстаньне.
У кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца.
За 20 гадоў існаваньня «Новае жыцьцё» атрымала больш за тры дзесяткі судовых пазоваў.