Заява Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі з нагоды прыняцця дэкрэту № 9

10 снежня 2012 10:55  |  Галоўныя навіны

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя абураная фактам падпісання 7 снежня дэкрэту №9 “Аб датаковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці”, згодна з якім працаўнікі дрэваапрацоўчай галіны страчваюць мачымасць на ўласнае жаданне звольніцца з працы на перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

 

Дадзены дэкрэт не толькі адкідвае Беларусь яшчэ далей з ліку еўрапейскіх краін, набліжаючы яе да дыктатур Азіі і Афрыкі, але і вяртае нашу краіну на стагоддзі назад – у часы рабства і прыгонніцтва. Сваім дэкрэтам Лукашэнка сцвердзіў, што беларуская эканамічная мадэль, якая навязваецца краіне і яе грамадзянам на працягу апошніх 18 гадоў, не працуе: паводле інфляцыі Беларусь – лідар сярод еўрапейскіх краін, абяцаныя няпершы год мізэрныя заробкі ў памеры 500 даляраў так і недасягнутыя, а мадэрнізацыя захлынулася, так і не пачаўшыся.

 

Дэкрэт № 9 наўпрост супярэчыць як беларускаму, гэтак і міжнароднаму заканадаўству. У прыватнасці, ён супярэчыць артыкулу 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулу № 1 Канвенцыі Міжнароднай Арганізацыі Працы N 105 аб скасаванні прымусовай працы ад 25 чэрвеня 1957 года, артыкулам 11 і 13 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым артыкул 181(1) Крымінальнага кодэкса прадугледвжвае крымінальную адказнасць за падобныя дзеянні да дзесяці гадоў турмы, у тым ліку і для чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў.

 

У сувязі з вышэй пералічаным Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь забараніць антыканстытуцыйны дэкрэт №9, а чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў не выконваць загады, якія супярэчаць беларускаму і міжнароднаму заканадаўству. Работнікаў жа дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў мы заклікаем байкатаваць дзяржаўныя прафсазы і ўступаць у незалежныя, а таксама паведамляць дэмакратычным арганізацыям, праваабаронцам і СМІ пра ўсе факты супрацьпраўнага ціску.

 

“Мэтанакіраваныя рэпрэсіі і дыскрымінацыя у Беларусі выйшлі за межы палітычнай сферы. Рэжым пачаў выкарыстоўваць адпрацаваны на апазіцыйных арганізацыях рэпрэсіўны механізм да іншых, непалітычных групах насельніцтва. У дадзеным выпадку – з мэтай захаваць сваю эканамічную стабільнасць.

 

Калі не спыніць падобную практыку зараз, то без сумневаў, рэпрэсіўныя дзеянні пачнуць масава ўжывацца да іншых груп насельніцтва і ў іншых сферах жыцця беларусаў. Вяртанне да мадэлі СССР часоў Сталіна можа стаць рэальнасцю для краіны цягам бліжэйшых некалькіх год. Таму неабходныя кансалідаваныя дзеянні палітычных, грамадскіх, прафсаюзных царкоўных арганізацый і простых грамадзян дзеля абароны тых, хто церпіць найбольшы прыгнёт – пачынаючы ад палітычных вязняў да працоўных прадпрыемстваў. Неабходна кансалідацыя беларускай нацыі для абароны Беларусі і беларусаў”, – адзначыў сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Болей навін