Алесь Пушкін: мяне затрымалі на працоўным месцы
Беларускі мастак і прыхільнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Алесь Пушкін 17 снежня вызваліўся з ЦІП на Акрэсціна, дзе ён адбыў 12 сутак арышту за акцыю з партрэтам героя антысавецкага супраціву Расціслава Лапіцкага. На волі яго сустракалі сябры БХД і руху салідарнасці Разам.
Як распавёў мастак, затрымалі яго ўжо пасля акцыі непасрэдна на працоўным месцы. Перад арыштам яго папярэдзілі, што яго зараз забяруць, і параілі ўцякаць. Але мастак адмовіўся ад гэтага. І неўзабаве яго ў працоўным камбінезоне і забралі “праваахоўнікі” на “гутарку”, якая цягнулася 12 сутак.
У ізалятары Алесь Пушкін прачытаў зборнік твораў заснавальніка першай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Адама Станкевіча і заявіў, што яго ідэі актуальныя і сёння. Таксама ён падзякаваў усім, хто прыносіў перадачы ў ЦІП.
Што тычыцца Расціслава Лапіцкага, за акцыі ў падтрымку якога ўжо двойчы быў асуджаны Алесь Пушкін, то ён збіраецца праводзіць іх і надалей, нягледзячы на рэпрэсіі.