Заўтра суд вынясе рашэнне па скарзе Алега Аксёнава супраць КДБ
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 17 снежня адбылося першае паседжанне па скарзе каардынатара аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Алега Аксёнава на незаконную, на яго думку, пастаноўку яго на прафілактычны ўлік у КДБ.
Другое паседжанне пачнецца ў гэтым жа судзе заўтра, 18 снежня, а 9.30.
У судзе Алег Аксёнаў даказаў, што пераслед паводле артыкулу 193.1 КК Беларусі не ўваходзіць у юрысдыкцыю КДБ. На гэта інспектар КДБ заявіў, што ў гэтым пытанні ён карыстаўся ўнутранымі пастановамі КДБ.
На пытанне, якія дзеянні далі падставу лічыць, што Алег Аксёнаў займаецца дзейнасцю ад імя незарэгістраванай арганізацыі, следчы КДБ Махуноў узгадаў падзеі амаль двухгадовай даўніны, калі каардынатар выступіў з ініцыятывай стварэння забастовачнага камітэту на прадпрыемстве, дзе ён працаваў. Аднак, як пацвердзіў Аксёнаў, камітэт не быў арганізацыяй, не рабіў нічога супрацьзаконнага і нават не праводзіў забастоўку, а толькі высунуў патрабаванні да кіраўніцтва камбінату, законнасць якіх прызналі як кіраўніцтва прадпрыемства, гэтак і ўлады, якія аштрафавалі прадпрыемства.
Таксама Аксёнава абвінавацілі ў тым, што ён нібы стварыў моладзевае крыло БХД у Магілёве і даваў яго чальцам указанні. Аднак, як сцвердзіў каардынатар аргкамітэту БХД, ён проста даваў парады сваім большым маладым калегам як ствараць Грамадскае аб’яднанне “Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты”.
Увогуле, зазначыў Алег Аксёнаў, прадстаўнікі КДБ не хацелі і чуць, што БХД не з’яўляецца партыяй, а толькі аргкамітэтам па стварэнні партыі. Яны лічаць БХД незарэгістраванай партыяй, якая, паводле іх словаў, не мае права даваць пра сябе інфармацыю ў СМІ. Незаконнымі яны лічаць таксама сайт БХД і бюлетэнь “Крыніца”, які выходзіць накладам 299 асобнікаў і таму не падлягае рэгістрацыі.
“Такое адчуванне, што ані супрацоўнікі КДБ, ані пракурор не чулі ані слова з таго, што я ім казаў. Пракурор напрканцы наогул сказала, што маю скаргу трэба адхіліць, бо “ёсць парушэнні Канстытуцыі з боку Аксёнава”. Якія такія парушэнні, яна не сказала”, – падкрэсліў каардынатар аргкамітэту БХД.