Петыцыя ў падтрымку малога памежнага руху з Польшчаю сабрала тысячу подпісаў
Петыцыя ў падтрымку малога памежнага руху (МПР) паміж Беларуссю і Польшчаю сабрала тысячу подпісаў. Гэта выкліканае амаль гадавою бяздзейнасцю беларускіх уладаў у справе рэалізацыі дамовы аб МПР. Усе дакументы гатовыя, а мяжа дагэтуль закрытая.
Сябры гарадзенскай абласной арганізацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі на чале з каардынатарам БХД у Мастах Змітром Кухлеем распачалі онлайн-збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Беларусі з просьбай паскорыць рэалізацыю Дамовы аб МПР з Польшчай.
Петыцыя заклікае Адміністрацыю прэзідэнта нарэшце пачаць дзеянні для рэалізацыі дамовы аб малым памежным руху з Польшчаю. Усе подпісы пад неабходнымі дакументамі стаяць ужо больш за год, а руху няма.
Аўтары зварота “глыбока занепакоеныя зацягваннем беларускім урадам рэалізацыі Дамовы аб малым прымежным руху з Рэспублікай Польшчай”. Паводле іх словаў, “дамова закранае інтарэсы болей за мільён беларускіх грамадзян, якія пражываюць на прымежнай беларуска-польскай тэрыторыі”.