У Наваполацку прайшла акцыя ў падтрымку гродзенскіх праваабаронцаў
Наваполацкія актывісты правялі акцыю салідарнасці з гарадзенскімі праваабаронцамі Віктарам Сазонавым, Раманам Юргелем і Уладзімірам Хільмановічам, якіх прыцягнулі да адказнасці за размешчаную ў сетцы Інтэрнэт фатаграфію з партрэтам Алеся Бяляцкага і брашурамі Усеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека.
Актывісты сфатаграфаваліся на ганку Наваполацкага гарадскога суда з плакатамі з выявай Алеся Бяляцкага, – такім чынам актывісты паказваюць неадэкватнасць і абсурд адміністрацыйнай справы ў Гродне. “Мы хочам паглядзець на рэакцыю наваполацкіх праваахоўных органаў на нашу акцыю”, – заявіў адзін з арганізатараў акцыі, актывист БХД Сяргей Малашэнак.
Актывісты перакананыя, што працэс над праваабаронцамі меў выключна заказны палітычны характар і лічаць такі прысуд абсалютна неадэкватным.
Нагадаем, 5 студзеня бягучага года ў Гродне суд Ленінскага раёна прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці гродзенскіх праваабаронцаў за размешчаную ў сетцы Інтэрнэт фатаграфію, на якой яны трымаюць партрэты зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і брашуры Усеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека. Падставай для прыцягнення праваабаронцаў да адказнасці паслужылі рапарты супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага раёна Гродна, якія угледзеўшы ў гэтым медыйным факце склад правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 23.34 КаАП РБ, склалі і перадалі ў суд адміністрацыйныя пратаколы за правядзенне несанкцыянаванага пікету.