У дзень памяці забітых у Віфлееме немаўлятаў у Менску пройдуць акцыі ў абарону жыцця

10 студзеня 2013 15:19  |  Грамадства

 У пятніцу 11 студзеня, калі праваслаўная царква ўшаноўвае памяць 14 000 забітых у Віфлееме немаўлятаў, у Менску пройдзе малітоўная акцыя «Праваслаўныя супраць аборту». Распачнецца яна малітвай, а працягнецца круглым сталом на тэму «Беларусь без абортаў — што ты для гэтага можаш зрабіць?»

 

Як паведамляе Catholic.by, арганізатарамі акцыі з’яўляецца Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля» пры мінскім прыходзе храма Свяціцеля Мікалая Японскага і аргкамітэт праграмы «Сям’я — Адзінства — Бацькаўшчына». 

 

«Мы спадзяёмся, што наша саборная малітва будзе пачута, і ў якім-небудзь куточку Беларусі ў гэты момант маці прыме рашэнне захаваць жыццё свайму дзіцяці», — адзначыў іерэй Дзмітрый Грыцэнка. 

 

У гэты ж дзень суполка ў гонар святых пакутнікаў немаўлятаў Віфлеемскіх прыходу ў гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць», валанцёрскі атрад «Элейсон», запрашаюць прыняць удзел у святкаванні Дня памяці святых пакутнікаў немаўлятаў Віфлеемскіх і ў акцыі ў абарону ненароджаных дзяцей.

У 10.00 у сямейным храме ў гонар святых пакутнікаў немаўлятаў Віфлеемскіх (парафіяльны навучальны корпус, 2-гі паверх) адбудзецца Боская літургія, паведамляе Sobor.by.

У 17.00 будзе здзяйсняцца малебен перад мошчамі святых пакутнікаў немаўлятаў Віфлеемскіх.

У 18.00 – заключны этап Фестывалю бардаўскай песні «Струна жыцця» – у абарону ненароджаных дзяцей і падтрымку сямейных каштоўнасцяў (у зімовым садзе Цэнтра духоўнай асветы і сацыяльнага служэння «Усіх тужлівых Радасць»)

Адрас: Прыход храма Іконы «Усіх тужлівых Радасць», вул. Прытыцкага, 65 (ст. м. «Спартыўная»)

Болей навін