Сяргей Малашэнак: цягам дня позву я не атрымаў і таму нікуды ісці не збіраюся
Наваполацкага актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Сяргея Малашэнка выклікаюць «на размову» пра фотаздымак з партрэтам Алеся Бяляцкага.
“Сёння раніцай (22 студзеня) дадому да маці прыйшоў участковы, спытаў мяне, маці сказала, што мы разам не пражываем, шукайце яго па месцы жыхарства”, – распавёў сайту freeregion.info Сяргей Малашэнак.
– Маці патэлефанавала мне і паведаміла, што мяне шукае ўчастковы. – Я яму ператэлефанаваў. – Участковы сказаў, што не ведае, хто мяне шукае і папрасіў ператэлефанаваць праз дзве гадзіны. – Праз гадзіну ён ператэлефанаваў сам і перадаў трубку тэлефона старэйшаму па званню. – Мяне папярэдзілі, што на 23 студзеня я выкліканы на допыт у Наваполацкі ГАУС па адрасе вул. Дзяржынскага 2, – падкрэсліў Малашэнак.
– Я сказаў, што мне патрэбен афіцыйны дакумент – хто і ў якасці каго мяне выклікае на допыт. На гэта ўчастковы адказаў, што калі патрэбна позва, то можна яе зараз падвезці ў любое месца. – У выніку мы дамовіліся, што позву пакінуць у паштовай скрыні. Аднак сёння позву я не атрымаў і таму нікуды ісці не збіраюся, сказаў Сяргей Малашэнак.
Сяргей адзначае, што падставай для размовы стала акцыя салідарнасці – з Алесем Бяляцкім і з гарадзенскімі праваабаронцамі.
Актывіст кажа, што гатовы да любога далейшага развіцця падзей – у тым ліку да суду і штрафу.
Нагадаем, на размову пра фатаграфію з партрэтам Алеся Бяляцкага, 16 студзеня быў выкліканы Яўген Парчынскі, другі ўдзельнік акцыі.
Акцыя салідарнасці прайшла ў Наваполацку 9 студзеня: двое актывістаў сфатаграфаваліся з партрэтамі Алеся Бяляцкага на ганках гарадскога суду, і яшчэ актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Сяргей Малашэнак быў сфатаграфаваны з партрэтам Алеся Бяляцкага каля гарадскога аддзела міліцыі.