Яўген Васьковіч меў спатканне з маці
Кожны месяц палітвязень Яўген Васьковіч трапляе ў штрафны ізалятар. Пра гэта Рацыі паведаміла ягоная маці Рушанія Васьковіч. У аўторак яна наведала сына ў Магілёўскай турме. Спатканне цягнулася ўсяго дзве гадзіны. Мінулы раз бацькі бачылі Яўгена ажно год таму.
Па словах Рушаніі Васьковіч, Яўген пачувае сябе нармальна, на здароўе не скардзіцца, дзякуе ўсім за навагоднія віншаванні і лісты падтрымкі.
Рушанія Васьковіч:
– Сустрэча адбылася. Ну хоць раз у год убачыш. Лісты лістамі, званкі званкамі, але калі пабачыш нават праз шкло – прыемней, чым проста паразмаўляць па тэлефоне. Сказаў, што ў яго ўсё нармальна. Канешне, свежага паветра мала, усяго толькі гадзіна за дзень на прагулцы. А так трымаецца. Галоўнае, каб было не горш.
Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым да 7 гадоў зняволення за спробу падпалу дзвярэй бабруйскага аддзелу КДБ. У верасні мінулага года Павел Сырамалотаў выйшаў на волю пасля таго, як напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка адмаўляюцца пісаць такое прашэнне.