Віталь Рымашэўскі: Еўразвязу выгадна супрацоўнічаць з дыктатарамі
Параза еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да афіцыйнага Менска заключаецца ў крызісе каштоўнасцяў, лічыць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Дзеля эканамічных выгадаў галоўныя гульцы Еўразвяза супрацоўнічаюць з дыктатурамі ва ўсім свеце, адзначае палітык.
– Еўразвяз супрацоўнічае з дыктатурамі ва ўсім свеце і гэта ім выгадна. Скажам, кітайская прадукцыя без перашкодаў ідзе, нягледзячы на шматлікія парушэнні правоў чалавека ў гэтай краіне. Але гэта не замінае эканамічным стасункам з Еўразвязам. У гэтым сэнсе, калі Лукашэнка кажа пра падвоеныя стандарты, ён мае рацы. Беларускаму рэжыму хацелася б, каб ЕЗ супрацоўнічаў з рэжымам беларускім таксама як ён супрацоўнічае з кітайскім камуністычным рэжымам.
На думку Віталя Рымашэўскага толькі еўрапейская палітыка, якая абапіраецца на каштоўнасцях, можа прынесці змены ў бок дэмакратызацыі як ў Беларусі, так і ў іншых краінах. Пакуль будуць падвойныя стандарты ў дачыненні да розных дыктатураў, прынцыпы дэмакратыі і правоў чалавека застануцца пустымі заявамі, адзначае палітык.