Абмеркаванне праграмы БХД. Свабода слова і інфармацыі. Сродкі масавай інфармацыі

29 студзеня 2013 16:37  |  Абмеркаванне праграмы БХД

Вашай увазе прапаноўваюцца праекты раздзелаў абноўленай праграмы БХД, якая будзе прымацца на наступным з’ездзе партыі. Над праграмай працуе група экспертаў, якая рыхтуе праект праграмы. Пасля завяршэння стварэння праекта праграмы, яна пройдзе знешнюю экспертную ацэнку і будзе разглядацца на Нацыянальнай Радзе. Пакуль ідзе падрыхтоўка раздзелаў, у сябраў партыі ёсць магчымасць выказаць свае прапановы і заўвагі ў каментарах.

 

2.3. Свабода слова і інфармацыі. Сродкі масавай інфармацыі


Свабода слова і інфармацыі – гарантыя дэмакратычнага працэсу


44. БХД разглядае свабоду слова як адну з асноўных дэмакратычных свабод, без якой немагчыма існаванне дэмакратычнай дзяржавы. У грамадстве маюць права агучвацца самыя разнастайныя ідэі і погляды, калі яны не з’яўляюцца злачыннымі, мусіць быць канкурэнцыя меркаванняў. БХД лічыць неабходным свабоднае асвячэнне дзейнасці дзяржаўных органаў, палітыкаў, чыноўнікаў, калі гэта не парушае дзяржаўныя сакрэты. Свабоднае асвячэнне дзейнасці дзяржаўных органаў мусіць ажыццяўляцца на падставе пранцыпу свабоды інфармацыі, што патрабуе спецыяльнага закона. БХД будзе дамагацца прыняцця адпаведнага закона, згодна з якім усе палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, СМІ і любы грамадзянін можа атрымаць поўны доступ да інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў.

 

45. Свабода інфармацыі будзе з’яўляцца інструментам рэалізацыі грамадскага кантролю над дзяржаўнымі органамі, барацьбой з карупцыяй і злоўжываннямі ўладай. У тых выпадках, калі закон “Аб свабодзе інфармацыі” не будзе распаўсюджвацца на дзяржаўныя сакрэты, але дадзеная інфармацыя звязана з расследаваннем злачынстваў, то пры наяўнасці абгрунтаваных падстаў да яе можна будзе атрымаць доступ па рашэнні суда. 

 

46. БХД таксама выступае за свабоднае асвячэнне дзейнайсці прыватных прадпрыемстваў і асоб, калі гэта дзейнасць мае грамадскае значэнне. Пры гэтым не павінна парушацца камерцыйная таямніца, патэнтнае заканадаўства або права на недатыкальнасць і таямніцу прыватнага жыцця. Выключэнні могуць складаць толькі сітуацыі, звязаныя з захаваннем жыцця, бяспекі і здароўя людзей. Любое парушэнне таямніцы прыватнага жыцця, калі гэта не звязана з расследаваннем злачынстваў, павінна карацца па закону. Грамадства і кожны персанальна чалавек мае права доступу да любой грамадска значнай інфармацыі. Дзеля гэтага мусяць свабодна існаваць і працаваць у роўных умовах самыя разнастайныя сродкі масавай інфармацыі. Свабодныя і незалежныя СМІ з’яўляюцца неабходнай умовай для добрага грамадскага абмеркавання і плюралізму поглядаў.

 

47. Уступленне чалавецтва ў інфармацыйную эру, шырокі распаўсюд інтэрнэту і новых тэхналогіяў дазваляюць забяспечваць дзяржаўныя паслугі насельніцтву на якасна новым ўзроўні. Паколькі БХД бачыць дзяржаву як інстытут, які закліканы да эфектыўнага задавальнення надзённых патрэбаў грамадства, то мы будзем рэалізоўваць і развіваць ў Беларусі праграму “электронны ўрад” – сістэму мер па абслугоўванню грамадзян і павышэнню эфектыўнасці функцыянавання органаў улады і дзяржаўных устаноў праз выкарыстанне віртуальнай прасторы і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.

 

48. Рэалізацыя праграмы “электроннага ўрада” будзе ажыццяўляцца з удзелам бізнэсу як на рэспубліканскім узроўні, так і на рэгіянальным і мясцовым узроўнях, што будзе спрыяць павышэнню якасці бюрактарычных і грамадскіх паслуг. Мэтазгодна паступова пашыраць дадзеную практыку (выкарыстанне інтэрнэту і новых тэхналогіяў) на самыя розныя сферы жыцця грамадсва.

 

Рынак сродкаў масавай інфармацыі


49. СМІ могуць быць прыватнымі, грамадскімі і дзяржаўнымі. Усе СМІ роўныя перад законам і незалежна ад формы ўласнасці валодаюць аднолькавымі магчымасцямі і правамі для рэалізацыі сваёй дзейнасці без якіх-небудзь прывілеяў ці абмежаванняў для асобных СМІ. Дзяржава не павінна ствараць асаблівыя лагодныя ўмовы для асобных СМІ ў выглядзе, напрыклад, падаткавых ільгот, дзяржаўных датацыяў або прымусовага навязвання грамадзянам іх інфармацыйнага прадукта. Дадзеныя захады, якія шырока практыкуюцца аўтарытарным рэжымам, расцэньваюцца намі як парушэнне прынцыпу свабоднай канкурэнцыі і роўнасці СМІ. БХД выступае за ўсталяванне рынкавых адносін у медыйнай прасторы – спажывальнікі самі вызначаюць які інфармацыйны прадукт ім цікавы, і тыя СМІ карыстаюцца іх падтрымкай і ўвагай.

 

50. БХД выступае за стварэнне ў Беларусі грамадскага тэлебачання і радыё. Новая тэлерадыёкампанія будзе знаходзіцца ва ўласнасці грамадства, кіраванне якой будзе ажыццяўляць Рада з прадстаўнікоў вядучых палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў, прафсаюзаў, цэркваў, вядомых грамадскіх і культурных дзеячаў. Гэта дазволіць выпрацоўваць збалансаваную і незалежную эфірную палітыку, непадпарадкаваную інтарэсам асобных груп. Фінансаванне грамадскай тэлерадыёкампаніі будзе ажыццяўляцца за кошт адмысловага абаненцкага збору, які будуць сплочваць усе ўладальнікі тэле- і радыёпрымачоў. Грамадская тэлерадыёкампанія будзе мець цэнтральны офіс і рэгіянальныя аддзяленні, што дазволіць ствараць агульнанацыянальную частку эфіру, а таксама інфармацыйны прадукт спецыяльна для кожнага з рэгіёнаў.  

 

51. Стварэнне грамадскага тэлебачання накіравана на фармаванне і развіццё грамадзянскай супольнасці, мусіць спрыяць пазітыўнаму грамадзянскаму і сацыяльнаму выхаванню, трансляваць ў грамадства станоўчыя мадэлі паводзін, прапагандаваць здаровы лад жыцця, маральныя прынцыпы і духоўную культуру. Грамадская тэлерадыёкампанія мусіць стаць вядучым сродкам масавай інфармацыі па крытэрыі якасці эфіра, прафесіяналізму журналістаў і ахопу аўдыторыі. Грамадская тэлерадыёкампанія мусіць ствараць інфармацыйны прадукт, які будзе накіраваны на ўсе ўзроставыя катэгорыі. Дадзены інфармацыйны прадукт мусіць быць разнастайным па сваіх жанрах: аналітычны, навінны, навукова-пазнавальны, развіццёвы, забаўляльны, мастацкі і г.д., то бок мусіць арыентавацца на інтарэсы ўсяго грамадства.  

 

52. Асаблівае значэнне займае глабальная інфармацыйная сетка інтэрнэт, якая стала на сённяшні дзень галоўнай крыніцай распаўсюду інфармацыі. Інтэрнэт дае вялікія магчымасці для СМІ і кожнага чалавека ў атрыманні і распаўсюдзе інфармацыі, выказванні сваіх думак. БХД разумее важнасць максімальна шырокага распаўсюду інтэрнэту, канкурэнцыі на рынку правайдэраў, павелічэння якасці інтэрнэт паслуг і памяншэння іх кошту. Наша мэта заключаецца ў тым, каб забяспечыць бясплатны інтэрнэт у навуковых установах і ва ўстановах адукацыі: у школах, сярэдніх спецыяльных установах і вышэйшых навучальных установах. БХД лічыць, што інтэрнэт мусіць заставацца свабодным асяроддзем і выступае супраць палітычнай цэнзуры ў інтэрнэце, увядзення “чорнага спіса” сайтаў і іншых абмежаванняў. Разам з тым, неабходна вялікую ўвагу надаваць барацьбе са злачыннасцю у інтэрнэт праторы.    

 

Адказнасць і этыка


53. Дзяржава мусіць мець выразную медыйную палітыку, накіраваную на абарону грамадства ад разбуральнай інфармацыі. Да такой інфармацыі адносяцца парнаграфічныя матэрыялы, прапаганда гвалту, дыскрымінацыі, знявагі да чалавека, амаральнай мадэлі паводзін у выглядзе відэа, аўдыа матэрыялаў, літаратурных твораў, любых візуальных выяў і тэатральных пастановак. Недапушчальна дэманстрацыя такіх інфармацыйных матэрыялаў у дзяржаўных і грамадскіх СМІ, а таксама любым іншым чынам у ранішні, дзённы і ранні вячэрні час, у грамадскіх месцах, дзе магчыма прысутнасць дзяцей і падлеткаў. Пры гэтым дадзеныя абмежаванні не закранаюць закрытыя каналы распаўсюду інфармацыі: кабельнае тэлебачанне, інтэрнэт рэсурсы пры ўмове, што ў катэгорыю спажыўцоў дадзенай інфармацыі не будуць уваходзіць дзеці і падлеткі.   

 

54. БХД выступае за прыняцце кодэксу журналісцкай этыкі, які будзе прызнаны ўсёй журналісцкай супольнасцю Беларусі незалежна ад віду медыйнага рэсурса і формы ўласнасці. У дадзеным кодэксе будуць замацаваныя асноватворныя прынцыпы адказнасці журналіста перад грамадствам, законам і журналісцкай супольнасцю. Сацыяльная адказнасць журналіста патрабуе ад яго дзейнічаць у адпаведнасці з асабістымі і агульначалавечымі ўяўленнямі пра этыку.

 

55. Этычнае правіла прафесіі журналіста палягае ў тым, што ён пастаянна нясе адказнасць за тое, што  ён робіць у межах сваіх прафесійных абавязкаў. Нормы і правілы кодэксу не маюць юрыдычнага статуса і за парушэнне яго пастулатаў не наступае аўтаматычна крымінальнае або адміністрацыйнае пакаранне. Кодэкс журналісцкай этыкі мусіць стаць прафесійным арыенцірам, стандартам этычных паводзін журналіста.

 

56. БХД выступае за:

  • свадобу слова як фундаментальнае права і адну з асноўных умоў  функцыянавання дэмакратыі;
  • прыняцце закона “Аб свабодзе інфармацыі”;
  • гарантаванне і захаванне камерцыйнай таямніцы і таямніцы прыватнага жыцця;
  • развіццё сістэмы мер па абслугоўванню насельніцтва пад назвай “электронны ўрад” і шырокае прымяненне ва ўсіх сферах жыцця грамадства інтэрнэту і новых тэхналогіяў;
  • свабоду інтэрнэту і недапушчэнне палітычнай цэнзуры і іншых абмежаванняў, калі гэта не парушае закон;
  • канкурэнцыю ў сферы прадастаўлення паслуг доступу да інтэрнэту, павелічэнне якасці паслуг і зніжэнне коштаў на інтэрнэт паслугі;
  • рынкавыя адносіны ў медыйнай прасторы;
  • разнастайнасць сродкаў масавай інфармацыі, іх роўнасць і гарантыю журналістам свабоднага ажыццяўлення сваёй прафесійнай дзейнасці;
  • стварэнне грамадскай тэлерадыёкампаніі;
  • абарону дзяцей і падлеткаў ад разбуральнай інфармацыі (парнаграфіі, прапаганды гвалту, дыскрымінацыі, знявагі да чалавека, амаральнай мадэлі паводзін);
  • прыняцце кодэксу журналісцкай этыкі. 

Болей навін