Віталь Рымашэўскі: ЗША разумеюць недапушчальнасць бясконцага гандлю палітвязнямі

30 студзеня 2013 13:20  |  Палітыка

ЗША не маюць намеру перадаваць Беларусь у вобласць геапалітычнага ўплыву Расіі. Пра гэта 29 студзеня заявіў каардынатар праграмы дапамогі ЗША краінах Еўропы і Еўразіі Дэніэл Розэнблюм, які ўзначаліў візіт дэлегацыі дзярждэпартаменту ЗША ў Мінск, на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.

 

На сустрэчы прысутнічалі Ірына Вештард (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)), Сяргей Калякін (Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”), Анатоль Лябедзька (Аб’яднаная грамадзянская партыя), Аляксандр Мілінкевіч (рух “За Свабоду”), Уладзімір Някляеў (грамадзянская кампанія “Гавары праўду!”), Віталь Рымашэўскі (аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”) і Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ).

Як адзначыў у каментары карэспандэнту Тэлеграфа Віталь Рымашэўскі, яго “парадавала, што гэта была непратакольная сустрэча”. “Прадстаўнікі ЗША насамрэч цікавіліся сітуацыяй у Беларусі і мы яе жыва абмяркоўвалі. Гэта тычылася і геапалітычных пытанняў, і працы трэцяга сектару ў краіне, працэсаў у беларускім урадзе і гэтак далей”, – сказаў ён.

“Розэнблюм заявіў, што стратэгія ЗША ў дачыненні да Расіі будзе адкарэктаваная, хоць прэзідэнтам і застаецца Абама. Яна будзе накіравана на пошук магчымых асноў для супрацоўніцтва, напрыклад, у пытанні міжнароднага тэрарызму. У выпадку ж наяўнасці рознагалоссяў ЗША будзе адстойваць сваю пазіцыю. Гэта тычыцца і Сірыі, і постсавецкай прасторы. Тым самым ён абверг меркаванні некаторых экспертаў аб тым, што ЗША збіраюцца негалосна аддаць Беларусь пад уплыў Расіі”, – адзначыў сустаршыня БХД.

Рымашэўскі: ЗША турбуюць не толькі палітвязні ў Беларусі

Паводле яго слоў, Розэнблюм заявіў, што ЗША лічаць вызваленне беларускіх палітвязняў умовай для пачатку якіх-небудзь перамоваў. Разам з тым гэта не з’яўляецца адзінай умовай для нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Захадам.

“ЗША разумеюць недапушчальнасць бясконцга гандлю палітвязнямі як закладнікамі, калі адных выпускаюць, а іншых садзяць. У ЗША таксама ёсць разуменне неабходнасці палітычных рэформаў у Беларусі, якія накіраваны на захаванне правоў чалавека, не толькі ў дачыненні да палітыкаў, але і ўсяго беларускага грамадства”, – расказаў ён.

“Я падняў пытанне затрымання і ўтрымання пад арыштам Гайдукова, а таксама парушэнні яго правоў на этапе следства. Да яго рэдка можа трапіць адвакат, ён фактычна знаходзіцца ў ізаляцыі. Беларускія ўдзельнікі былі салідарныя, што за яго сітуацыяй неабходна сачыць, бо ён можа стаць новым палітвязнем у Беларусі”, – паведаміў Віталь Рымашэўскі.

“Абмяркоўвалася і, якім чынам можна дапамагаць эфектыўна народу Беларусі і дэмакратычным працэсам у краіне, не падтрымліваючы рэпрэсіўны апарат беларускіх уладаў”, – адзначыў апазіцыйны палітык.

Таксама прадстаўнік дзярждэпа заявіў, што нядаўні візіт амерыканскіх экспертаў у Мінск быў прыватным і не меў ніякага дачынення да ўладаў ЗША.

Дэлегацыя дэярждэпа ЗША знаходзілася ў Мінску 27-29 студзеня. У ходзе візіту адбыліся сустрэчы ў міністэрствах замежных спраў, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны.

Болей навін