Беларуская апазіцыя: у пошуках адзінства

01 лютага 2013 11:11  |  Палітыка

Піша эксперт Аналітычнага Беларускага Цэнтру Зміцер Кухлей

 

Да наступных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі застаецца крыху болей за два гады, аднак асобныя апазіцыйныя сілы ўжо загадзя пачалі фармаваць сваё бачанне правядзення гэтай выбарчай кампаніі. Галоўным чынам, абмеркаванне будучай стратэгіі паводзінаў у асяродку апазіцыйных сіл абмяжоўваецца працэдурай вылучэнне адзінага кандыдата і вызначэннем фармату ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Амаль усе апазіцыйныя суб’екты не адмаўляюць неабходнасць вылучэння адзінага кандытата ад дэмакратычных сіл на прэзідэнцкіх выбарах. Разыходжанне паміж імі заключаецца толькі ў працэдуры і тэрмінах вызначэння адзінага. Пры гэтым частка беларускіх палітыкаў, якія эмігравалі за межы краіны, прапануюць не абмяжоўвацца вылучэннем адзінага прэтэндэнта, а шляхам выкарыстання Інтэрнет тэхналогій абраць Каардынацыйную раду апазіцыйных палітыкаў і вызначыць лідара дэмакратычных сіл.

Варта зазначыць, што адзіны кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах з’яўляецца важным, але не вызначальным элементам для дэмакратычнага транзіту. Дэмакратызацыя беларускага рэжыму ў большай ступені залежыць ад расколу ў кіроўных элітах і пераходу ў апазіцыю да дзеючага кіраўніка высокіх чыноўнікаў, здольных кантраляваць беларускія сілавыя структуры. Апазіцыя можа ўплываць на маналітнасць беларускай улады, аднак гэты ўплыў абмежаваны і залежыць ад шэрагу іншых чыннікаў. Пры гэтым найлепшага выніку апаненты дзеючага кіраўніцтва могуць дамагчыся толькі ў выпадку кансалідацыі і вызначэння ўпаўнаважанага суб’екта, які б прадстаўляў волю пераважнай большасці суб’ектаў дэмакратычных сіл, як унутры краіны, так і за мяжой.

Нягледзячы на фармаванне ў апошнія гады двух умоўных блокаў апазіцыі[4], якія па-рознаму бачаць дэмакратызацыю беларускага аўтарытарызма,  да гэтага часу ніводная з гэтых групаў не выпрацавала доўгатэрміновую стратэгію трансфармацыі беларускага рэжыма. Большасць апазіцыйных партый і рухаў абмяжоўваюцца акрэсленнем сваіх стратэгій паводзінаў электаральнымі кампаніямі. Аднак ва ўмовах поўнага заняпаду ў Беларусі такога інстытута як выбары, адсутнічаюць легальныя магчымасці  для змены палітычнай сітуацыі электральным шляхам або ператварэння дэмакратычнай апазіцыі ў сістэмную палітычную сілу. У сваю чаргу спроба трансфармацыі аўтарытарнага рэжыма з дапамогай масавай мабілізацыі пратэстных груп грамадства на Плошчу падчас апошніх двух прэзідэнцкіх кампаній таксама не прыносіць плёну, а толькі павялічвае на працяглы час ролю сілавога блоку беларускіх улад у палітычным працэсе.

 

Трасфармацыя беларускага аўтарытарызма: “зверху-уніз” ці “знізу-уверх”?


Логіка развіцця беларускага рэжыма пасля 1996 года і асабліва пасля рэферэндума 2004 года сведчыць аб тым, што дзеючы кіраўнік дзяржавы наўрад ці пакіне пасаду прэзідэнта самастойна або ў выніку электаральнай паразы. А. Лукашэнка будзе да апошняга імкнуцца захаваць уладу ў краіне нават пад пагрозай развязвання гвалтоўнага канфлікту. Як падкрэслівае палітолаг Валер Карбалевіч, у краіне “адсутнічае механізм перадачы ўлады нават унутры правячай каманды” [3.716 ]. У сваю чаргу Уладзімір Роўда зазначае, што існуючы палітычны рэжым у краіне “займае прамежкавае становішча паміж аўтарытарызмам і султанізмам” [15.102], які сярод іншага характэрызуецца і выкарыстаннем пераемніка у якасці механізма ўзнаўлення ўлады [8]. Пры гэтым ужо неаднаразова дзеючы прэзідэнт рабіў двухсэнсоўныя заявы аб магчымасці спадчыннай перадачы ўлады ў будучыні [2]. У гэтай сітуацыі дэмакратычныя сілы Беларусі павінны аб’яднацца вакол доўгатэрміновай стратэгіі дэмакратызацыі, якая не абмяжоўваецца выключна электаральным цыклам, прывязаным да даты прэзідэнцкіх выбараў.

 

Варта зазначыць, што палітычныя партыі ў Беларусі ўжо даўно пазбаўлены магчымасцяў выканання сваіх асноўных задач і функцый. У беларускім парламенце не толькі не прадстаўлена партыйная апазіцыя, але ж нават колькасць прадстаўнікоў лаяльных палітычных партый з кожным скліканнем Нацыянальнага сходу скарачаецца [13]. Паводле меркавання У. Роўды фрагментаванасць апазіцыі і розныя стратэгіі ўдзелу дэмакратычных сіл у электаральных кампаніях нават спрыяюць ўмацаванню аўтарытарнага рэжыма ў краіне [14].

 

Такім чынам, калі апазіцыйным сілам адмоўлена ў ажыццяўленні палітычнай улады і яны фактычна пазбаўлены ўсялякіх магчымасцяў заваявання месцаў у парламенце, у беларускай сітуацыі губляецца сэнс існавання палітычных партый. Для рэалізацыі сваіх праграмных мэтаў і задач партыям у першую чаргу неабходна стварыць умовы для рэальнага палітычнага ўдзелу ў жыцці грамадства. Галоўнай перашкодай гэтага з’яўляецца персаналісцкі аўтарытарны рэжым у краіне, у ліквідацыі або трансфармацыі якога зацікаўлены фактычна ўсе палітычныя арганізацыі, нават праўрадавыя. Як сведчаць няўдалыя спробы трансфармацыі ў палітычную партыю РГА “Белая Русь”, прэзідэнту не патрэбны любыя арганізаваныя группы інтарэсаў, нават лаяльныя дзеючай сістэме і асабіста кіраўніку дзяржавы [19].

 

Агульны інтарэс у дэмантажу персаналісцкай дыктаруры з’яўляецца асновай для аб’яднання ўсіх апазіцыйных сіл у адзіны антыаўтарытарны рух. Аднак выключна незадаволенасць дзеючым кіраўніком дзяржавы не можа быць аб’яднаўчым элементам, асабліва ў выпадку адсутнасці надзеі на трансфармацыю ў бліжэйшы час. Дэмакратычным сілам варта абраць доўгатэрміновую стратэгію дэмакратызацыі, якая бы задавольвала ўсе групы інтарэсаў сярод дэмакратаў і не падрывала пазіцыі існуючых апазіцыйных груповак і лідараў. У першую чаргу аб’яднане павінна адбыцца на інтэграцыі стратэгій апазіцыйных сіл і выпрацоўцы супольнага бачання дэмакратычнай трансфармацыі.

 

Пры гэтым калі выключыць суб’ектыўныя чыннікі краху аўтарытарнага рэжыма, звязаныя з асобай А. Лукашэнкі, застаюцца толькі два шляхі дэмакратызацыі палітычнай сістэмы ў краіне: трансфармацыя “зверху-уніз”, якая прадугледжвае дыялог паміж уладай і апазіцыяй і паступовую лібералізацыю, або “знізу-уверх”, што адбываецца ў выніку ціску з боку грамадзянскай супольнасці і вулічнай актыўнасці апазіцыі [12.96]. Пры гэтым кожны з двух акрэсленых шляхоў дэмакратызацыі беларускага аўтарытарызму ўключае пэўныя элементы адзін аднаго. Навязванне апазіцыяй дыялогу з беларускімі ўладамі немагчымае без адпаведнага грамадскага, як і вонкавапалітычнага, ціску, які ў рэшце можа трансфармавацца і ў масавыя акцыі пратэсту. У сваю чаргу “каляровая рэвалюцыя” патрабуе абавязковых перамоў і пераходу на бок апазіцыі наменклатуры, а таксама хаця б нейтральнае стаўленне да пратэстоўцаў з боку сілавых структур.

 

Лібералізацыя upgraded


Яскравым прыхільнікам паступовай лібералізацыі беларускага аўтарытарызма з’яўляецца Рух “За свабоду”. Сцэнар паступовай трансфармацыі беларускага рэжыма пры актыўным удзеле еўрапейскіх партнёраў быў задзейнічаны у 2008-2010 годзе. Унутрыпалітычнае пацяпленне было ў першую чаргу выклікана жаданнем наладзіць стасункі з Еўразвязам, які быў выкарыстаны беларускім кіраўніцтвам у якасці супрацьвагі празмернаму ціску з боку афіцыйнай Масквы. Нягледзячы на адсутнасць сістэмных зменаў і супярэчлівыя ўнутрыпалітычныя тэндэнцыі, лібералізацыя 2008-2010 г.г. аказала станоўчы ўплыў на развіццё грамадзянскай супольнасці і пазбаўленне краіны ад страху. Для грамадства сталася відавочным неабходнасць мадэрнізацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі, што яно і запатрабавала 19 снежня 2010 года. Паводле розных ацэнак у масавых пратэстах у дзень галасавання прыняло ўдзел ад 15 да 30 тысяч чалавек, што напалохала дзеючае кіраўніцтва [7].А. Лукашэнка ўбачыў нават у абмежаваным варыянце лібералізацыі пагрозу для асабістай улады ў краіне і за некалькі хвілін перакрэсліў усе станоўчыя зрухі, якія назіраліся ў 2008-2010 г.г. Жорсткі разгон Плошчы і наступная хваля рэпрэсіяў на працягу 2011 года вярнулі грамадства ў ранейшы стан апатыі і страху.

Тым ня менш, стратэгія паступовай лібералізацыі можа прынесці плён у доўгатэрміновай перспектыве і стварыць неабходныя перадумовы для дэмакратычнай трансфармацыі. Існуе вялікая верагоднасць таго, што ў беларускім грамадстве за час унутрыпалітычнага пацяплення, які не будзе перарывацца панаваннем у палітычным працэсе сілавога блока ўлады і дэманстратыўнымі рэпрэсіямі, назапасіцца крытычная маса, якая перацягне на свой бок і памяркоўна настроеную наменклатуру. Супярэчнасць паміж сацыяльна і эканамічна развітым грамадствам і прымітыўнай палітычнай сістэмай, заснаванай на персаналісцкай дыктатуры, непрымальная ўжо для большасці беларусаў і перыядычна выклікае пратэстную актыўнасць. Як зазначана ў апошніх даследаваннях НІСПЭД 49,9% беларускага грамадства лічыць, што канцэнтрацыя ўлады ў руках А. Лукашэнкі не прыносіць краіне нічога добрага[16]. У дадатак, апошнія ініцыятывы дзеючага прэзідэнта па скарачэнню на 25-30%  дзяржапарату пры захаванні за ім ўсёй паўнаты ранейшых функцый выклікаюць незадаволенасць і чыноўнікаў [5].

 

Пры рэалізацыі гэтага падыходу істотным з’яўляецца роля вонкавых актараў, у першую чаргу Еўразвяза. Аднак з улікам кепскай гісторыі дачыненняў паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем, запатрабаваным з’яўляецца выпрацоўка прымальных падыходаў/саступак для наладжвання стасункаў з абодвух бакоў. Варта падкрэсліць, што заходні вектар палітыкі аўтарытарнаму кіраўніцтву патрабуецца ў большай ступені для шантажу афіцыйнай Масквы і атрымання ад Захаду неабходнай фінансавай і эканамічнай дапамогі падчас крызісных з’яў у беларускай эканоміцы. У 2006-2010 годзе ўстойлівасць беларускага аўтарытарызма шмат у чым забяспечвалася дзякуючы магчымасці палітыцы балансавання паміж Расеяй і Еўразвязам. У 2009-2010 годзе пры фінансавай дапамозе з боку заходніх інстытуцый, у першую чаргу МВФ, беларускі рэжым здолеў вярнуцца да палітыкі папулізма і павялічыць дабрабыт насельніцтва напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі, што ў рэшце паўплывала на падтрыманне высокага электаральнага рэйтынгу кіраўніка дзяржавы.

Варта зазначыць, што ў выпадку пацяплення ўнутрыпалітычнага клімату і абрання аб’яднанай апазіцыяй сцэнару паступовай трансфармацыі аўтарытарнага рэжыму і перамоў з наменклатурай, пагроза сыходзіць не толькі ад сілавых структур беларускіх улад, але ж і ад радыкальных плыняў у апазіцыі, якія сваёй празмернай пратэстнай актыўнасцю могуць справакаваць жорсткую рэакцыю з боку прэзідэнта. Як зазначалася раней, без падтрымкі наменклатуры і дамовы з сілавымі структурамі аб іх нейтральнасці падчас масавых пратэстаў, сцэнар “каляровай рэвалюцыі” напаткае лёс усіх ранейшых спробаў вырашыць праблему аўтарытарнага кіраўніцтва з дапамогай Плошчы. У выніку, як і пасля 19 снежня 2010, сілавы блок беларускіх улад можа атрымаць пануючае становішча ў растаноўцы сіл і распачаць чарговы этап аўтарытарнай нармалізацыі, што прадугледжвае павелічэнне рэпрэсіўнасці ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і апазіцыі.

 

Плошча як фактар перамен


Няўдалыя спробы беларускай апазіцыі ажыццявіць сцэнар “каляровай рэвалюцыі” падчас двух апошніх прэзідэнцкіх кампаній прымусілі асобных палітолагаў казаць аб вычарпанасці парадыгмы “Плошчы”[20]. Аднак рэалізацыя рэвалюцыйнага сцэнару як у 2006, так і 2010 г.г. шмат у чым залежала ад аб’ектыўных чыннікаў, якія беларуская апазіцыя не кантралявала. Безумоўна, дэмакратычнымі сіламі былі зроблены шэраг памылак як напярэдадні, так і падчас электаральных кампаній. Аднак сумнеўна, што нават выправіўшы гэтыя памылкі апазіцыя здолела бы кардынальным чынам змяніць хаду падзей. Як зазначалася вышэй, дэмакратычная трансфармацыя залежыць не толькі ад дзеянняў апазіцыі, але ж і ад ступені маналітнасці кіроўных эліт у Беларусі, якія цалкам кантралюцца дзеючым кіраўніком дзяржавы.

 

Варта азначыць, што працэс нармалізацыі, якую быларускае кіраўніцтва запусціла па сканчэнню прэзідэнцкай кампаніі 2010, уплывае на рыторыку беларускай апазіцыі. Ніводны суб’ект дэмакратычных сіл у адкрытую не дэкларуе сярод сваіх задач змяніць аўтарытарнае кіраўніцтва ў краіне праз арганізацыю Плошчы падчас бліжэйшых палітычных кампаній. Пры гэтым, сярод найбольш радыкальных ідэй па дэмантажу аўтарытарнай сістэмы аргкамітэтам па стварэнні партыі “Беларускі рух” агучваецца варыянт правядзення ўсебаковага “байкоту” беларускага рэжыма. Аднак далей за агульныя дэкларацыі нейкага плану дзеянняў з боку Беларускага руху па рэалізацыі сваіх намераў не заўважна.

 

Іншая ініцыятыва “За свабодныя і справядлівыя выбары без Лукашэнкі”, якую распачала ў мінулым годзе Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), таксама не мае пакуль яснай стратэгіі і плану дзейнасці, што магло бы аб’яднаць іншыя пратэстныя групы ў грамадстве. Болей за тое, кампанія “За свабодныя і справядлівыя выбары без Лукашэнкі” ўспрымаецца як партыйная ініцыятыва, што значна абмяжоўвае колькасць яе патэнцыйных удзельнікаў.

 

Пры гэтым, як справядліва зазначае палітолаг В. Карбалевіч, “Плошча” яшчэ можа стаць фактарам перамен у краіне [11]. Аднак да яе неабходна рыхтавацца загаддзя і мець план дзеянняў не толькі да дня галасавання, але ж і на паслявыбарчы перыяд. Прычым гэты план дзеянняў павінен улічваць розныя варыянты развіцця падзей пасля сканчэння працэдуры галасавання.

 

Адзіны кандыдат або лідар дэмакратычных сіл: працэдуры і бачанне


На сёньняшні дзень існуюць як меней чатыры варыянты вызначэння лідара дэмакратычных сіл для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2015: кулуарныя перамовы, кангрэс (з’езд) дэмакратычных сіл, праймерыз і Інтэрнет галасаванне.Кожная з азначаных працэдур мае свае станоўчыя і адмоўныя бакі, а таксама прыхільнікаў з боку апазіцыйных структур і лідараў. Аднак для шырокага грамадства, што не падтрымлівае дзеючае беларускае кіраўніцтва, не так істотна, якім чынам будзе абраны адзіны кандыдат або лідар дэмакратычных сіл. Найбольш істотным для кансалідацыі пратэстных груп насельніцтва з’яўляецца дасягненне кансэнсуса і адзінства апазіцыі, у тым ліку выпрацоўка агульнай доўгатэрміновай стратэгіі дэмакратычных перамен у краіне.

 

Яшчэ ў верасні мінулага года тры апазіцыйныя структуры – партыя БНФ, Рух “За свабоду” і грамадзянская кампанія “Гавары праўду!” распачалі кансультацыі наконт магчымасці абрання адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2015. У абмеркаванні спрабуе прыняць удзел і лідар Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці Беларусі Уладзімір Мацкевіч. Аднак У. Мацкевіч бачыцьмэту кансультацый як абранне лідара дэмакратычных сіл, задача якога не абмяжоўваецца выключна электаральнымі кампаніямі.


Азначаныя вышэй апазіцыйныя сілы лічаць неабходным абранне адзінага кандыдата да наступных мясцовых выбараў 2014 года і найбольш прыхільна ставіцца да правядзення кангрэса/з’езда для вызначэння лідара. Гэта абумоўліваецца магчымасцю выкарыстання выбарчай кампаніі 2014 года для папулярызацыі адзінага вылучэнца ад дэмакратычных сіл апазіцыйнымі кандыдатамі ў мясцовыя саветы. “Гавары праўду!”, напрыклад, разглядае мясцовыя выбары ў якасці ключавога падрыхтоўчага этапа правядзення прэзідэнцкіх выбараў 2015.

Пры гэтым Рух “За свабоду” і партыя БНФ бачаць працэс вызначэння адзінага праз правядзенне кангрэсу дэмакратычных сіл[9]. У той час як лідар “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў яшчэ у сакавіку 2012 годзе заяўляў пра неабходнасць правядзення Усебеларускага з’езда, які б аб’яднаў усіх прыхільнікаў перамен [17].

 

У адказ на актыўнасць канструктыўнага іншы блок апазіцыі, аснову якога складаюць АГП і партыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), распачаў на пачатку 2012 года перамовы наконт сваіх планаў на прэзідэнцкую кампанію 2015.У студзені гэтага года кіраўніцтва АГП і БХД абмеркавалі мэты, фармат, стратэгію і праграму свайго ўдзелу у выбарчай кампаніі 2015 г. [18]

Варта зазначыць, што АГП агучвае механізм праймерыз у якасці вызначэння адзінага кандыдата, які лібералы спрабуюць рэалізаваць ужо не першы раз[10]. Не адмаўляючы верагоднасць падтрымкі ідэі адзінага кандыдата, БХД пакуль не вызначылася наконт сваіх стратэгічных падыходаў на прэзідэнцкую кампанію 2015. На сённяшнім этапе кіраўніцтва партыі бачыць найлепшым варыянтам аб’яднанне дэмакратычных сіл вакол пэўных сацыяльна-палітычных кампаній, падчас якіх з’яўляецца верагоднасць напрацоўкі даверу і досведу супрацы розных апазіцыйных суб’ектаў.

 

Палітычная эміграцыя таксама спрабуе актыўна ўдзельнічаць у працэсе структуравання апазіцыйных сіл. Ідэя інтэрнэт-праймерыз узнікла на Кангрэсе новай беларускай дыяспары ў Таліне ў лістападзе 2012 году пасля паспяховай рэалізацыі гэтага праекту ў Расейскай Федэрацыі [1].Ідэю падхапіў старшыня аргкамітэта Рады народнага адраджэння палкоўнік Барадач, які звярнуўся ў студзені гэтага года да кіраўніцтва беларускіх апазыцыйных партыяў і рухаў з заклікам выставіць на інтэрнэт-выбары сваіх прадстаўнікоў, каб стварыць Каардынацыйную раду апазыцыі.

 

Барадач бачыць гэтую структуру як каардынацыйны орган усіх дэмакратычных сіл, які павінен распрацаваць адзіную дактрыну, стратэгію і тактыку барацьбы, прапанаваць грамадзянам сацыяльна-эканамічную, палітычную і нацыянальную праграмы выхаду з крызісу і развіцця Беларусі. У адрозненне адпалітычных партый ініцыятары Інтэрнет галасавання не лічаць неабходным абіраць адзінага кандыдата ўжо зараз, а вызначыцца з ім ужо падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015, вылучыўшы для ўдзелу ў выбарах на першым этапе пяць кандыдатаў.

 

Аднак ідэя правядзення праймерыз з выкарыстаннем Інтэрнет тэхналогій не знаходзіць падтрымкі сярод беларускіх апазіцыйных палітыкаў ўнутры Беларусі [6], якія адчуваюць пагрозу свайму становішчу з боку эміграцыі.

 

Лідар дэмакратычных сіл vs каардынацыйная рада


Для прыцягнення на свой бок прыхільнікаў перамен, якія адчуваюць правал сацыяльнай дамовы з дзеючым кіраўніком дзяржавы, дэмакратычным сілам у першую чаргу неабходна кансалідаваць пратэстны электарат. Безумоўна, у гэтым выпадку найбольшы шанц для кансалідацыі з’яўляецца ва ўмовах існавання лідара апазіцыі, які большасцю будзе ўспрымацца як адзіны выразнік волі дэмакратычных сіл. Аднак прадстаўнікі сённяшніх апазіцыйных арганізацый не падыходзіць на гэтую ролю. Апазіцыйны лідар, які ўжо прадстаўляе пэўныя апазіцыйныя структуры, не зможа ў поўнай ступені аб’яднаць усе дэмакратычныя суб’екты, асабліва ў сітуацыі, калі ў грамадстве яшчэ няма веры ў перамогу над аўтарытарным лідарам.

 

Па-першае, іншыя лідары ў такой канфігурацыі губляюць свой няхай і нязначны, але ж пэўны ўплыў і рэйтынгі у грамадстве.

Па-другое, кожны лідар звязаны з пэўнай апазіцыйнай групоўкай. Абранне адзіным кандыдатам прадстаўніка ад партыі ці руху аўтаматычна павялічвае вагу гэтай структуры і адпаведна дае магчымасць ўплываць на пераразмеркаванне абмежаваных рэсурсаў, што разглядаецца іншымі апазіцыйнымі лідарамі як пагроза свайму існаванню.

 

У такім разе “кааліцыйны лідар”, які прадстаўляе ў аднолькавай ступені інтарэсы ўсіх апазіцыйных груп, з’яўляецца найбольш прымальным для усіх структур. Пры гэтым лідар дэмакратычных сіл не павінен весці самастойную гульню, якая бы адхілялася ад вызначаных кааліцыйным органам рамак паводзінаў. Асабліва небяспечнай для захавання кааліцыі з’яўляецца сітуацыі стварэння лідарам сваіх структур, што зноў такі можа выклікаць супрацьдзеянне з боку іншых кааліцыйных суб’ектаў.

 

Пасля выбараў 2006 году адзіны кандыдат на пасаду прэзідэнта і лідар дэмакратычных сіл А. Мілінкевіч распачаў стварэнне Руху “За свабоду”, які планаваўся як масавы грамадскі рух. Аднак “За свабоду” так і не аб’яднаў усіх прыхільнікаў перамен, стаў нагадваць іншыя апазіцыйныя структуры і быў уключаны ў кааліцыю Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) як адзін з суб’ектаў. У выніку А. Мілінкевіч як лідар аднаго з суб’ектаў кааліцыі быў пазбаўлены статуса адзінага лідара дэмакратычных сіл, а праз некаторы час і кааліцыя АДС спыніла сваё існаванне.

 

Пры гэтым лідар кааліцыі дэмакратычных сіл неабавязкова можа быць адзіным кандыдатам, які супрацьстаіць на выбарах дзеючаму прэзідэнту. Як зазначалася, адным з асноўных элементаў дэмакратычнай трансфармацыі з’яўляецца пераход у апазіцыю да кіраўніка дзяржавы чыноўнікаў, якія займаюць/займалі высокія пасады ў краіне. Найбольшы давер у супрацоўнікаў дзяржапарата можа выклікаць толькі асоба, якая паходзіць з іх асяродку.

 

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года А. Лукашэнка зняў з пасады Сяргея Сідорскага, які ўзначальваў урад з 2003 года і адпаведна меў высокі аўтарытэт сярод чыноўнікаў, а таксама мог быць прымальнай кандыдатурай для незалежнага грамадства. Напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2010 года узнікалі нават чуткі аб магчымасці вылучэння на пасаду прэзідэнта былога прэм’ера, што аднак не адбылося. Але ж ці не стане падобнае развіццё падзей рэчаіснасцю ў выпадку, калі сістэма дзеючага прэзідэнта дасць расколіну? Прыклады паспяховых трансфармацый на постсавецкай прасторы сведчаць аб значнай ролі ў гэтых працэсах былых паплечнікаў аўтарытарных кіраўнікоў.

 

Высновы


Дэмакратычныя сілы ў Беларусі выглядаюць зараз не менш расколатымі чымсці напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. Пасля парламенцкіх выбараў 2012 года працэс кааліцыйнага будаўніцтва запаволіўся, што звязана з адсутнасцю ў 2013 годзе палітычных кампаній. Аднак бліжэй да мясцовых выбараў можна чакаць інтэнсіфікацыі перамоўнага працэсу, у тым ліку і наконт вызначэння адзінага кандыдата ці лідара дэмакратычных сіл.

 

Пры гэтым усе варыянты вызначэння лідара апазіцыйных сіл, які мог бы прадстаўляць дэмакратаў на наступных прэзідэнцкіх выбарах 2015, з’яўляюцца менш важнымі, чым само дасягненне кансэнсуса паміж рознымі апазіцыйным групоўкамі і вызначэнне супольнай доўгатэрміновай стратэгіі дэмакратызацыі Беларусі.

 

Спробы асобных палітычных эмігрантаў стварыць апазіцыйны цэнтр у замежжы будзе і надалей блакавацца палітычнымі сіламі ўнутры краіны. Ініцыятыва эмігрантаў можа набыць сілу толькі ў выпадку прыцягнення адпаведных рэсурсаў для рэалізацыі гэтага праекта. Палітычныя структуры ўнутры краіны не гатовыя прадстаўляць свае чалавечыя і інтэлектуальныя рэсурсы для палітычных эмігрантаў за межамі краіны, не атрымаўшы наўзамен нічога акрамя дэкларацый намеру.

——————–

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц

1. Апазыцыя і дыяспара хочуць правесьці інтэрнэт-выбары: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Радыё Свабода. – Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/article/24781098.html

2. Как долго Лукашенко собирается править Беларусью? : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнэт-газета Naviny.by. – Рэжым доступу: http://naviny.by/rubrics/politic/2012/06/27/ic_articles_112_178296

3. Карбалевич В.И. Александр Лукашенко: политический портрет. – М.: Партизан, 2010. – 720 с.

4. Кухлей Д. Парламентская кампания 2012: расхождения «конструктивного» и «конфронтационного» течений оппозиции: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Аналітычнага беларускага цэнтра. – Рэжым доступу:http://abcby.info/ru/articles/49

5. Лукашенко продолжает портить чиновникам аппетит: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнэт-газета Naviny.by. – Рэжым доступу:http://naviny.by/rubrics/politic/2013/01/11/ic_articles_112_180488/

6. Лябедзька, Някляеў, Чыгір і Шушкевіч – супраць інтэрнэт-выбараў уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Радыё Свабода. – Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/article/24822902.html

7. Мельянцоў Д. Плошча 2010: сцэнар і папярэднія вынікі: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Беларускі мультымэдыйны партал Arche. – Рэжым доступу:  http://arche.by/by/page/ideas/4228

8. Панов, П.В. Политический порядок и проблема воспроизводства власти: институт преемника / П.В. Панов // Политэкс – Политическая экспертиза. – 2010. – №3. – С.19-33. – 1 п.л.

9. Партия БНФ — за живую процедуру избрания единого кандидата: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнэт-газета Naviny.by. – Рэжым доступу:http://naviny.by/rubrics/politic/2013/01/26/ic_articles_112_180639/

10. Положение о порядке выдвижения единого кандидата от демократических сил Республики Беларусь для участия в предстоящих президентских выборах: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Афіцыйны сайт Аб’яднанай грамадзянскай партыі. – Рэжым доступу: http://new.ucpb.org/polozhenie.html

11. Противники Лукашенко: пилить опилки или делать стратегию-2015: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнэт-газета Naviny.by. – Рэжым доступу: http://naviny.by/rubrics/politic/2012/09/25/ic_articles_112_179344/

12. Пшеворски А. Демократия и рынок. Политические и экономические реформы в Восточной Европе и Латинской Америке: пер. с англ. / Под ред. В.А. Бажанова. – М.: РОССПЭН, 2000. – 320 с.

13. Ровдо В. Выборы 2012: оппозиция в очередной раз помогает Лукашенко: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Аналітычнага беларускага цэнтра. – Рэжым доступу:http://abcby.info/ru/articles/26

14. Ровдо В. Участие белорусской оппозиции в парламентских избирательных кампаниях: помощь режиму в легитимации власти и усилению доверия к ней: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Аналітычнага беларускага цэнтра. – Рэжым доступу:http://abcby.info/ru/articles/47

15. Роўда У. Палітычная сістэма Рэспублікі Беларусь: вучэб.дапам. – Вільня: ЕГУ, 2011. – 354 

16. Стабильный рейтинг на фоне растущих доходов: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. – Рэжым доступу:http://www.iiseps.org/12-12-02.html

17. Уладзімір Някляеў: Пятая частка Беларусі – гэта не “пятая калона”: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт“Белорусский партизан”. – Рэжым доступу:https://www.belaruspartisan.org/bel/politic/208310/

18. У пошуках «адзінага»: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайтРадыё Свабода. – Рэжым доступу:http://www.svaboda.org/content/article/24840913.html

19. Шемякин А. Партийные перспективы “Белой Руси”: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайтІнфармацыйнага агенства Тэлеграф. – Рэжым доступу:http://telegraf.by/2012/11/mnenie-partiinie-perspektivi-beloi-rusi        

20. Юрий Чаусов: Нужна новая стратегия оппозиции: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт“Белорусский партизан”. – Рэжым доступу:http://www.belaruspartisan.org/interview/211757/

Болей навін