Марына Хоміч: у справе Курапатаў неабходна еднасць і шырокая інфармацыйная кампанія
У Менску 6 лютага адбыўся круглы стол па праблемах мемарыяльнага комплексу савецкіх рэпрэсіяў Курапатаў. Як адзначыла Марна Хоміч, якая прадстаўляла на абмеркаванні Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю, у цэлым прапанаваны падчас мерапрыемства праект неблагі і накіраваны на інфармаванне насельніцтва і аб’яднанне людзей вакол праблемаў Курапатаў.
Ад імя БХД яна прапанавала адмовіцца ад другасных пытанняў, якія толькі спрычыняюцца да падзелу людзей (як, напрыклад, усталяванне помніку польскім жаўнерам), і сканцэтравацца на тым, што аб’ядноўвае. “Як бы хто не ставіўся да Зянона Пазьняка і яго партыі, мы павінны паважаць яго і прыслухоўвацца да яго меркавання, бо менавіта Пазьняк адкрыў людзям Курапаты, а ягоная партыя напрацягу доўгага часу ахоўвала мемарыял. А ўсе сваркі толькі шкодзяць як іх непасрэдным удзельнікам, так і ўсёй апазіцыі”, – адзначыла Марына Хоміч.
Лідарка Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў таксама прапанавала правесці шырокую інфармацыйную кампанію сярод грамадзян Беларусі пра злачынствы ў Курапатах, масавыя савецкія рэпрэсіі і іх ахвяраў, бо і сёння большасць насельніцтва практычна нічога не ведае пра іх.
Разам з тым Марына Хоміч рэзка раскрытыкавала ідэю “Гавары праўду!” прывезці ў Курапаты экстрасэнсаў, якія нібыта карыстаюцца вялікім уплывам сярод беларусаў, каб з дапамогай іх паказаць маштаб рэпрэсіяў. “Гэта зусім непрымальна. Гэта раўназначна, што прывесці ў Курапаты дзедаў марозаў ці клоўнаў. Да таго ж гэта можа толькі адштурхнуць вернікаў”, – сказала яна.